тапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Падымацца ўверх, стаяць тарчма (пра валасы, шэрсць і пад.). Віця глядзіць на Валерыю. На ёй сіняя сукенка з высокім белым каўнерыкам, што вельмі пасуе да яе смуглявага твару; кароткія чорныя валасы крыху тапырацца ў бакі каля вушэй, і яна час ад часу папраўляе іх. Нядзведскі. Бялявыя коратка падстрыжаныя валасы тапырыліся калючым вожыкам. Хомчанка. // Не ляжаць роўна, гладка; карабаціцца. Кажушок Сымона Данілавіча тапырыўся. Грамовіч. Шчыльна падагнаная бекеша з такім жа каўняром, як і шапка, трошкі тапырылася на жываце. Кулакоўскі. // Не прылягаць. Ад мноства фатаграфій тоўстыя лісты альбома тапырацца, раскрываючыся самі сабою. Палтаран.

2. Выгінаць цела, напружвацца; падымаць тарчма шэрсць, іголкі і пад. (пра жывёл). Пеця трымаў за шыю чорнага вялікага ката Ваську, які тапырыўся і шыпеў. Сіняўскі. Паставіў [бацька] каня, падкінуў сена, а сам ужо збіраўся ісці ссякаць сухастоіну, як бачыць — тапырыцца штосьці конь. Якімовіч.

3. перан. Быць незадаволеным чым‑н. або капрызным; супраціўляцца. Базыль пагладзіў сына па галаве. — Ты паслухай спачатку; што да чаго, а тады ўжо тапырыцца будзеш... Курто. Непрыветлівыя позіркі скрыжаваліся на Арэшкіну, і ён адчуваў сябе вінаватым, але тапырыўся. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)