Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

таксі́чны, ‑ая, ‑ае.

Ядавіты, атручвальны. Таксічнае рэчыва.

таксо́метр, ‑а, м.

Лічыльнік таксі, які паказвае плату за праезд. [Хлопец] спыніў таксі, сеў і паехаў на вакзал, паглядаючы, як скачуць з сухім трэскам у таксометры чырвоныя лічбы. Адамчык.

такт 1, ‑а, М ‑кце, м.

1. Метрычная музычлая адзінка — кожная з роўных па працягласці долей, на якія дзеліцца музычны твор па ліку метрычных націскаў у ім. Трохдольны такт. Трымаць ноту тры такты. // Графічнае абазначэнне мяжы такой долі ў выглядзе вертыкальнай лініі.

2. Разм. Рытм якога‑н. руху, дзеяння. Залатыя цапы Выбівалі прыглушана такт: — Так-так-так! Блатун. Танцоры ўсё павялічваюць тэмп, ногі ўсё хутчэй і хутчэй адбіваюць такт. «Полымя».

3. Спец. Частка рабочага цыкла якога‑н. механізма. Такт поршня паравой машыны.

•••

У такт — у адпаведнасці з рытмам чаго‑н. Андрэй ужо думаў, што з яго ніколі не выйдзе сявец, як раптам адчуў, што ногі яго ступаюць у такт руцэ, а рука сыпле зярняты ў такт крокам. Чарнышэвіч.

[Ням. Takt ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]

такт 2, ‑у, М ‑кце, м.

Пачуццё меры, якое падказвае найбольш правільны падыход, найбольш далікатную лінію паводзін у адносінах да каго‑, чаго‑н.; захаванне правіл прыстойнасці. Трымаць сябе з тактам. Адсутнасць такту. Педагагічны такт. □ [Марынчук:] — Дзе б такт праявіць, вытрымку, калі ўжо так атрымалася, а ты [Дробаў], бач, напіўся, рукі ў ход пусціў. Ракітны. Дунін-Марцінкевіч праявіў вялікі такт пісьменніка, каб, у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, прымусіць сваіх дваран дзейнічаць «у сферы свайго побыту, свайго характару і тых абставін, пад уплывам якіх яны знаходзяцца». «Полымя».

[Фр. tact ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]

та́ктавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да такта ​1 (у 1 знач.), абазначаецца тактам. Тактавая лінія.

такто́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць тактоўнага. Прысутным кінулася ў вочы вялікая спрактыкаванасць камандзіра палка, тактоўнасць у абыходжанні. Ні аднаго лішняга слова: сціпла, коратка, ясна. Алешка. Строгасць, прынцыповасць маладога кіраўніка ўдала дапаўняюцца добразычлівасцю, вытрымкай, тактоўнасцю, увагай да людзей. «Звязда».

такто́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае такт ​2, які валодае тактам ​2. Уважлівая, тактоўная, удумлівая,.. [Вольга Уладзіміраўна Галіна] ўмела, не крыўдзячы выканаўца, паправіць яго памылку. «Беларусь». [Надзя:] — Цябе выратавала тое, што ты аказаўся надзіва тактоўным чалавекам і не паспрабаваў нават абняць Іну Аляксандраўну. Рамановіч. // Які выконваецца з тактам. Тактоўны ўчынак. Тактоўны падыход. □ Аб тым, як жывуць выгнаныя са школы калегі,.. [Базыль Трайпанскі] палічыў тактоўным не распытвацца. Колас.

та́ктык, ‑а, м.

1. Спецыяліст па тактыцы (у 1, 2 знач.); знаўца тактыкі.

2. Разм. Чалавек, які ўмее весці справу з карысцю для сябе.

та́ктыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

1. Майстэрства падрыхтоўкі і вядзення бою; спосабы і прыёмы вядзення бою. Тактыка марскога бою. Тактыка актыўнай абароны. □ Мы рассыпаліся па ўсіх правілах хто франтавой, хто партызанскай тактыкі і пайшлі акружаць тое месца. Брыль. Усе дні блакады атрад Баразны трымаўся адной тактыкі: хадзіў следам за ворагам. Васілеўская. // Навука аб тэорыі і практыцы вядзення бою. Курс тактыкі.

2. Сродкі і прыёмы грамадскай і палітычнай барацьбы. Камітэт .. змяніў тактыку — загадаў гурткам рабіць сходы ў адзін дзень па ўсім павеце. Пестрак.

3. перан. Прыёмы і сродкі дасягнення якой‑н. мэты; спосаб дзеяння, лінія паводзін каго‑н. Мая Любаміраўна, убачыўшы, што .. [муж] пачынае гневацца не на жарт, адразу змяніла тактыку: ласкава абняла, пацалавала. Шамякін. Маладзіца, каб не сказаць чаго лішняга, раптам мяняе тактыку. — Такому старому, як вы [дзед Талаш], не варта глядзець на мае вочы. Колас.

[Грэч. taktike.]

такты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць тактычнага. Госці звычайна таўкуцца некаторы час, не спяшаюцца, каб захаваць тактычнасць. Колас.

такты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да тактыкі (у 1 знач.). Тактычная задача. □ [Прыборны:] — Тактыка няправільная... Тактычная памылка. Нельга падрыўнікоў пасылаць адных. Іх трэба прыкрываць, абараняць... Шамякін. [Перагуд:] Днём ён [Караневіч] быў на тактычных занятках у першым батальёне. Крапіва. // Які звязаны з правядзеннем бою. Тактычная разведка.

2. Які мае адносіны да тактыкі (у 2 знач.). Тактычныя рознагалоссі.