такт 1, ‑а, М ‑кце, м.
1. Метрычная музычлая адзінка — кожная з роўных па працягласці долей, на якія дзеліцца музычны твор па ліку метрычных націскаў у ім. Трохдольны такт. Трымаць ноту тры такты. // Графічнае абазначэнне мяжы такой долі ў выглядзе вертыкальнай лініі.
2. Разм. Рытм якога‑н. руху, дзеяння. Залатыя цапы Выбівалі прыглушана такт: — Так-так-так! Блатун. Танцоры ўсё павялічваюць тэмп, ногі ўсё хутчэй і хутчэй адбіваюць такт. «Полымя».
3. Спец. Частка рабочага цыкла якога‑н. механізма. Такт поршня паравой машыны.
•••
У такт — у адпаведнасці з рытмам чаго‑н. Андрэй ужо думаў, што з яго ніколі не выйдзе сявец, як раптам адчуў, што ногі яго ступаюць у такт руцэ, а рука сыпле зярняты ў такт крокам. Чарнышэвіч.
[Ням. Takt ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]
такт 2, ‑у, М ‑кце, м.
Пачуццё меры, якое падказвае найбольш правільны падыход, найбольш далікатную лінію паводзін у адносінах да каго‑, чаго‑н.; захаванне правіл прыстойнасці. Трымаць сябе з тактам. Адсутнасць такту. Педагагічны такт. □ [Марынчук:] — Дзе б такт праявіць, вытрымку, калі ўжо так атрымалася, а ты [Дробаў], бач, напіўся, рукі ў ход пусціў. Ракітны. Дунін-Марцінкевіч праявіў вялікі такт пісьменніка, каб, у адпаведнасці з жыццёвай праўдай, прымусіць сваіх дваран дзейнічаць «у сферы свайго побыту, свайго характару і тых абставін, пад уплывам якіх яны знаходзяцца». «Полымя».
[Фр. tact ад лац. tactus — дакрананне, дотык.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)