Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сумясці́ць, ‑мяшчу, ‑месціш, ‑месціць.

Зак. да сумяшчаць.

сумятлі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць сумятлівага; сумятня. Сумятлівасць вандроўнага жыцця. □ У сумятлівасці [дзед Агей] абярнуў бляшанку з чарвямі. Крапіва.

сумятлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Схільны мітусіцца; залішне мітуслівы. Рухавы, трошкі сумятлівы, з вялікімі збянтэжанымі вачыма,.. [Антось] меў выгляд вінаватага чалавека. Дуброўскі. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла .. песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў. Колас.

2. Поўны сумятні, клопатаў, мітусні. Сумятлівы рэдакцыйны дзень пачаўся як звычайна. Сабаленка. Ноч цёмная і сумятлівая, людзі адно страляюць, крычаць ды бегаюць. Чыгрынаў. // Які сведчыць пра сумятню, перапалох. Набліжалася Масква. У вагоне той сумятлівы беспарадак, які заўжды пачынаецца ў канцы падарожжа. Савіцкі.

сумятня́, ‑і, ж.

Бязладная беганіна, мітусня, клопаты. — Толя! — пачуў ён скрозь шум і сумятню пасадкі. Брыль. І хоць выгляд у людзей заклапочаны, адчуваецца, што іх радуе гэтая святочная сумятня. Палтаран. // перан. Хаос (пра думкі, пачуцці і пад.). У Максіма адразу ёкнула сэрца. Ён здагадаўся, аб чым пойдзе гутарка. Трэба рашацца, а ў душы яго — адна сумятня. Машара. // Паніка, перапалох. Лагчынай, алешнікам .. [Ганарацкі] прабраўся да сыраварні ў Дубовым гарадку, зняў варту, вызваліў палонных і ноччу нарабіў сумятні ў паліцэйскім гарнізоне. Грамовіч. Сумятня ў горадзе нарастала. Няхай. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў .. [каршун] у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес. Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога! Колас.

сумяшча́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сумяшчальнага; здольнасць сумяшчацца. Сумяшчальнасць паняццяў. Псіхалагічная сумяшчальнасць.

•••

Сумяшчальнасць крыві — уласцівасць чалавечага арганізма прымаць і засвойваць пры пераліванні кроў пэўнай біялагічнай групы.

сумяшча́льнік, ‑а, м.

Той, хто працуе па сумяшчальніцтву.

сумяшча́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да сумяшчальнік.

сумяшча́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сумяшчальніка, сумяшчальніцтва.

сумяшча́льніцтва, ‑а, н.

Выкананне работы на якой‑н. платнай пасадзе адначасова з асноўнай работай.

сумяшча́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Працаваць па сумяшчальніцтву.