Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

субстыту́цыя, ‑і, ж.

Замяшчэнне аднаго іншым, звычайна падобным па ўласцівасцях, прызначэнню. Субстытуцыя гукаў.

[Ад лац. substitutio — падстаноўка.]

субтрапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да субтропікаў, з’яўляецца субтропікамі. Субтрапічная зона. Субтрапічная расліннасць.

субтро́пікі, ‑аў; адз. няма.

Дзве фізіка-геаграфічныя зоны зямнога шара, якія знаходзяцца блізка каля тропікаў і набліжаюцца па клімату да гарачага пояса.

субты́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць субтыльнага. Танцмайстры выбіралі дзевяці- і дзесяцігадовых дзяцей, правяраючы роўнасць ног і субтыльнасць таліі. «Полымя».

субты́льны, ‑ая, ‑ае.

Кволы, слабы (пра склад цела). // Далікатны, тонкі.

[Фр. subtil.]

субці́тр, ‑а, м.

Надпіс на ніжняй частцы кадра кінафільма, які звычайна з’яўляецца скарочаным перакладам іншамоўнага дыялогу (або тэксту наогул) на мову, зразумелую гледачам.

субясе́днік, ‑а, м.

Той, хто бяседуе, вядзе гутарку з кім‑н. Кузьма быў надзвычай прыемным субяседнікам, умеў добра расказваць і шчыра смяяцца. Хведаровіч. А мо яго, Антона, таму і цягне ў Вуглы, што там перад ім заўжды ёсць смелы і шчыры субяседнік, якому няма чаго таіць ад яго... Савіцкі. [Анэля] ўмела супакоіць і суцешыць. Ад маці была ў яе жаноцкасць і асаблівая мяккасць. І яшчэ было ў ёй тое добрае какецтва, якое так умее ўзвысіць субяседніка ва ўласных вачах. Караткевіч.

субясе́дніца, ‑ы, ж.

Жан. да субяседнік.