Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэкрутава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да рэкрутаваць.

рэкрутава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., каго.

1. Кніжн. уст. Узяць (браць) у рэкруты.

2. Кніжн. Набраць (набіраць) людзей для чаго‑н.

рэкру́тчына, ‑ы, ж.

Рэкруцкая павіннасць. Цяжкая салдацкая служба цару і рэкрутчына паслужылі паэтычным матэрыялам для многіх народных песень. «Полымя».

рэкру́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэкрута. Рэкруцкі набор. Рэкруцкая павіннасць. Рэкруцкія песні.

рэкрышталіза́цыя, ‑і, ж.

Працэс змены крышталічнага стану цела пад уздзеяннем розных фізічных фактараў, але без расплаўлення або растварэння цела.

рэкрэацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які мае адносіны да рэкрэацыі.

рэкрэа́цыя, ‑і, ж.

Уст. Перапынак паміж урокамі ў школе. Пачалася вялікая рэкрэацыя. Гімназісты, карыстаючыся трыццаццю хвілінамі перапынку, сыпанулі на сонечны двор. Караткевіч.

[Ад лац. recreatio — адпачынак.]

рэ́ктар, ‑а, м.

1. Кіраўнік універсітэта і некаторых іншых вышэйшых навучальных устаноў.

2. Кіраўнік духоўных навучальных устаноў.

[Ад лац. rector — кіраўнік.]

рэктара́т, ‑а, М ‑раце, м.

Адміністрацыйна-навучальнае кіраўніцтва універсітэта і некаторых іншых навучальных устаноў, якое ўзначальваецца рэктарам. Пасяджэнне рэктарата. // Памяшканне, дзе знаходзіцца гэтае кіраўніцтва. Зайсці ў рэктарат.

рэ́ктарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэктара. Рэктарскі кабінет.