Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэзульта́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае станоўчы рэзультат. Рэзультатны праезд.

2. З падсумаванымі вынікамі. Рэзультатная ведамасць.

рэзультаты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які дае, прыносіць рэзультат; які заканчваецца рэзультатам.

рэ́зус, ‑а і ‑у, м.

1. ‑а. Вузканосая малпа роду макак, якая жыве ў Паўднёва-Усходняй Азіі.

2. ‑у. Спец. Тое, што і рэзус-фактар. Адмоўны рэзус. Дадатны рэзус.

рэ́зус-фа́ктар, ‑у, м.

Спец. Асобае рэчыва, якое змяшчаецца ў крыві малпы рэзус і большасці людзей і абумоўлівае сумяшчальнасць крыві маці і плода, донара і таго, каму пераліваюць кроў.

рэ́зчык, ‑а, м.

1. Рабочы, які займаецца рэзаннем чаго‑н. Рэзчык паперы. □ [Акцызнік:] — Возчыкам цябе не паставяць [у леспрамгасе], рэзчыкам таксама... Ды тут і сам не захочаш. Плечы дзіцячыя. А вось сукі церабіць... Пташнікаў.

2. Майстар мастацкай разьбы; разьбяр. — Давайце арганізуем выстаўку, — прапанаваў Толя. — І не ў дзетдоме, а ў раённым Доме культуры. На ёй пакажам самае лепшае, што зрабілі рэзчыкі, мастакі, вышывальшчыцы, словам, усе нашы ўмельцы. Рунец.

рэ́зчыцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэзчыка; звязаны з рамяством рэзчыка. Рэзчыцкі інструмент.

рэзь, ‑і, ж.

Рэзкі, востры боль. Праўда, у апошні час дзядзька нібы паправіўся: не скардзіцца на рэзь у жываце, есць з апетытам. Жычка. Не хацелася і спаць, хоць у вачах адчувалася рэзь ад бессані, бы ў іх хто насыпаў дробненькага-дробненькага пяску. Сабаленка.

рэзьба... (а таксама разьба...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «разьба» (у 1, 3 знач.), напрыклад: рэзьбанакатны, рэзьбанаразны, рэзьбатакарны, рэзьбашліфоўшчык.

рэзюмава́цца, ‑муецца; незак.

Зал. да рэзюмаваць.

рэзюмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) рэзюме чаго‑н. — Гм! так, так! Помню, — рэзюмаваў успаміны пра былое Цімох. Колас.