Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рамі́зіцца, ‑міжуся, ‑мізішся, ‑мізіцца; незак.

Прайграваць у карты ў выніку рамізу (у 1 знач.).

рамі́зіць, ‑міжу, ‑мізіш, ‑мізіць; незак., каго-што.

Прымушаць каго‑н. прайграць у картачнай гульні ў выніку рамізу (у 1 знач.).

рамі́знік, ‑а, м.

1. Фурман наёмнага экіпажа. З завулка выехаў, наганяючы .. [Ліду з Буднікам], рамізнік. Галавач. У Сарэнта для тых, хто хацеў экзотыкі, на цэнтральнай плошчы, побач з раскошнымі кафэ, з багатымі сучаснымі аўтамабілямі дзяжураць рамізнікі з экіпажамі... Мележ.

2. Экіпаж з фурманам. [Зося:] — Два агенты гестапа везлі мяне на рамізніку па горадзе. Шамякін.

рамі́зніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рамізніка, рамізніцтва. Рамізніцкі фаэтон. Рамізніцкая біржа.

рамі́зніцтва, ‑а, н.

Занятак рамізніка.

ра́міна, ‑ы, ж.

Вялікая, асобна ўзятая рама.

ра́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Невялікая рама (у 2 знач.). Партрэт жонкі Івана Ігнатавіча вісеў, нібы абраз, у чырвоным куце хаты, у рамцы пад шклом. Хомчанка. // Графічнае абрамленне тэксту, малюнка. Арнаментальная рамка. Жалобная рамка. // Пра тое, што з’яўляецца абрамленнем чаго‑н. Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч.

2. толькі мн. (ра́мкі, ‑мак); перан. Межы, у якіх павінна адбывацца, адбываецца што‑н. Жыццё ў ранейшых, дзедаўскіх, рамках здавалася цесным і сумным. Ракітны. Праўда, медыцынская практыка ва ўмовах партызанскага жыцця шмат чаму навучыла.. [Коўбеца], стала больш разнастайнай, выйшла з рамак ранейшай спецыяльнасці. М. Ткачоў. У рамках культурнай праграмы перад удзельнікамі свята выступілі творчыя калектывы, артысты і спартсмены. «Звязда».

3. Тое, што і рама (у 4 знач.). [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч.

4. Тэхнічнае прыстасаванне, знешне падобнае на невялікую раму (у 2 знач.). Прыцэльная рамка кулямёта.

•••

Выйсці за рамкі гл. выйсці.

Выйсці з рамак гл. выйсці.

ра́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рамы (у 1, 2 і 4 знач.). Рамны прэс. Рамнае шкло.

рамо́н, ‑у, м.

Тое, што і рамонак. Селі хлопцы на ўсходцах ганка, паспускалі босыя ногі на росную мураву, дробненькі рамон ды трыпутнік. Калюга.

рамо́нак, ‑нку і ‑нка, м.

1. ‑нку. Травяністая расліна сямейства складанакветных задзіночнымі кветкамі, у якіх пялёсткі звычайна белыя, а сярэдзіна жоўтая. Віктар крочыў з МТС вузкай сцяжынкай, зарослай пахучым рамонкам і лапушыстым трыпутнікам. Даніленка. А на зямлі, сярод рамонку і палыну, блішчалі дзве калісьці ўтаптаныя, як ток, лапіны. Мележ.

2. ‑нка. Кветка гэтай расліны. Іна сарвала, нахіліўшыся, рамонак і пачала сашчыкваць белыя пялёсткі. Ваданосаў.

3. ‑нку; толькі адз. Высушаныя кветкі аднаго з відаў гэтай расліны, якія выкарыстоўваюцца як лячэбны сродак; лекавы настой на такіх кветках. Аптэчны рамонак.