ра́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Невялікая рама (у 2 знач.). Партрэт жонкі Івана Ігнатавіча вісеў, нібы абраз, у чырвоным куце хаты, у рамцы пад шклом. Хомчанка. // Графічнае абрамленне тэксту, малюнка. Арнаментальная рамка. Жалобная рамка. // Пра тое, што з’яўляецца абрамленнем чаго‑н. Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч.

2. толькі мн. (ра́мкі, ‑мак); перан. Межы, у якіх павінна адбывацца, адбываецца што‑н. Жыццё ў ранейшых, дзедаўскіх, рамках здавалася цесным і сумным. Ракітны. Праўда, медыцынская практыка ва ўмовах партызанскага жыцця шмат чаму навучыла.. [Коўбеца], стала больш разнастайнай, выйшла з рамак ранейшай спецыяльнасці. М. Ткачоў. У рамках культурнай праграмы перад удзельнікамі свята выступілі творчыя калектывы, артысты і спартсмены. «Звязда».

3. Тое, што і рама (у 4 знач.). [Міхалка] адчыніў стрэшку вулля, рассунуў рамкі, каб быў вольны праход пчолам. Якімовіч.

4. Тэхнічнае прыстасаванне, знешне падобнае на невялікую раму (у 2 знач.). Прыцэльная рамка кулямёта.

•••

Выйсці за рамкі гл. выйсці.

Выйсці з рамак гл. выйсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)