невядо́масць, ‑і, ж.
Кніжн.
1. Уласцівасць і стан невядомага (у 1 знач.). З горкай трывогай .. [Ракуцька] падумаў аб невядомасці той будучыні, якая раней ужо здавалася яму зусім яснай. Чорны.
2. Адсутнасць звестак, ведаў аб кім‑, чым‑н. Невядомасць цягнулася трое сутак. Краўчанка. Многа было розных чутак, сумных і радасных, але ўпэўнена ніхто нічога не ведаў, і гэтая невядомасць была найвялікшай пакутай. Шамякін.
3. Сціплае, непрыкметнае існаванне. Жыць у невядомасці.
невядо́мы, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, якога не ведаюць, аб якім няма звестак; незнаёмы. Дзень добры, невядомая краіна! Сіпакоў. Ісці ў такі час у невядомую дарогу было рызыкоўна. Пальчэўскі. Нейкі невядомы лагодны матыў мроіцца ў абуджаных марах. Ваданосаў.
2. Нязведаны, не перажыты раней. У Ніны ўявілася невядомае дагэтуль пачуццё рэўнасці. Гурскі.
3. Які не карыстаецца шырокай папулярнасцю; малавядомы. Невядомы артыст.
4. у знач. наз. невядо́мы, ‑ага, м.; невядо́мая, ‑ай, ж. Незнаёмы, незнаёмая. Тым часам на другім баку граніцы з асцярогаю выглядаў з куста невядомы ў шэрай сялянскай світцы, з аброццю ў руцэ. Пальчэўскі.
5. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. Аб чым‑н. нязведаным. Кожны крок наш быў незвычайным крокам у невядомае і небывалае. Грамовіч.
6. у знач. наз. невядо́мае, ‑ага, н. У матэматыцы — велічыня, якую трэба знайсці; проціл. вядомае. Ураўненне з двума невядомымі.
невялі́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Нязначны па велічыні і памерах; малы. Невялікі пакой. Невялікія вокны. □ У цэнтры паляны высіўся двухпавярховы драўляны дом з невялікім садам, агародам і гаспадарчымі прыбудовамі. В. Вольскі. Ад лесу .. да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы. Чорны. // Невысокі ростам. Адчыніліся дзверцы, і з машыны выскачыў невялікага росту чалавек: жвавы, хударлявы, але ўжо немалады. Мяжэвіч. // Нязначны па колькасці, нешматлікі. Вось у вышыні са свістам праляцела невялікая чародка качак-цыранак. Аляхновіч. // Нядоўгі (пра час). Брыгадзе далі невялікі адпачынак. Мележ.
2. Нязначны па сіле, інтэнсіўнасці, якасці, зместу і пад. Невялікі вецер. Невялікая радасць. □ Пагода стаяла сухая з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч.
3. Які не мае вялікага значэння ў грамадстве. Невялікі чын. □ [Астап:] — Чалавек я.. службы невялікай, у вока дужа каму не кідаюся. Лынькоў.
4. Які нічым не вылучаецца; пасрэдны. Невялікі знаўца. Невялікі грамацей.
невялі́чкі, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і невялікі (у 1, 2 знач.); маленькі. Па вадзе плылі невялічкія лодкі. Юрэвіч. Машыны ішлі то невялічкімі групамі, то па адной, з пэўным інтэрвалам. Дадзіёмаў. Невялічкі марозік за ноч пакрыў інеем .. лісты. Краўчанка.
невярта́нне, ‑я, н.
Непрыезд, непрыход назад.
невясёлы, ‑ая, ‑ае.
1. Які сумуе; сумны. [Сярго:] Вы што ж такі пануры, невясёлы? [Бэсман:] У нас вясёлага не вельмі шмат. Глебка. Убачыўшы свайго сябра невясёлым, Ціма запытаў: — Чаго такі кіслы? Шчарбатаў. // Які выражае смутак, журбу. Невясёлая ўсмешка. Невясёлыя вочы.
2. Які выклікае смутак, журбу; непрыемны. Невясёлы мой лёс, невясёлы... Пакідаю я родныя сёлы. Куляшоў. Покут голы, невясёлы, Як у той павеці. Крапіва. Ноччу Мікола не спаў. Сядзеў каля папялішча пад уцалелай яблыняй і думаў невясёлую думу. Якімовіч.