невялі́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Нязначны па велічыні і памерах; малы. Невялікі пакой. Невялікія вокны. □ У цэнтры паляны высіўся двухпавярховы драўляны дом з невялікім садам, агародам і гаспадарчымі прыбудовамі. В. Вольскі. Ад лесу .. да самай шашы дарога ішла паўз невялікія лясы. Чорны. // Невысокі ростам. Адчыніліся дзверцы, і з машыны выскачыў невялікага росту чалавек: жвавы, хударлявы, але ўжо немалады. Мяжэвіч. // Нязначны па колькасці, нешматлікі. Вось у вышыні са свістам праляцела невялікая чародка качак-цыранак. Аляхновіч. // Нядоўгі (пра час). Брыгадзе далі невялікі адпачынак. Мележ.
2. Нязначны па сіле, інтэнсіўнасці, якасці, зместу і пад. Невялікі вецер. Невялікая радасць. □ Пагода стаяла сухая з невялікімі прымаразкамі па начах. Якімовіч.
3. Які не мае вялікага значэння ў грамадстве. Невялікі чын. □ [Астап:] — Чалавек я.. службы невялікай, у вока дужа каму не кідаюся. Лынькоў.
4. Які нічым не вылучаецца; пасрэдны. Невялікі знаўца. Невялікі грамацей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)