перадаве́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
Даверыць другому тое, што было даверана самому. Галоўны бухгалтар калгаса.. рэдка бываў у канторы і ўсе справы перадаверыў [Шуры] Яцык. Дуброўскі.
перадаві́к, ‑а, м.
Той, хто дасягнуў найлепшых вынікаў у якой‑н. дзейнасці, паказвае ўзоры сацыялістычных адносін да працы. Перадавік вытворчасці. Перадавікі ў сацыялістычным спаборніцтве. □ Вопыт перадавікоў — здабытак агульны. «Звязда».
перадавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які ідзе, знаходзіцца наперадзе астатніх. Перадавая пазіцыя. Перадавая лінія. □ [Аляксей і Барыс] удала адолелі нічыйную паласу, мінулі перадавы заслон немцаў і, адпачыўшы трохі, рушылі далей. Васілёнак.
2. перан. Які стаіць вышэй за іншых па ўзроўню развіцця. Перадавыя метады працы. Перадавая тэхніка. Перадавая навука. // Які дасягнуў найлепшых паказчыкаў, поспехаў у працы. Перадавыя калгасы. □ Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых. Грахоўскі. // Прагрэсіўны. Перадавыя ідэі. Перадавая літаратура. Перадавы друк. // Найбольш свядомы, ініцыятыўны. Перадавая моладзь вёскі.
3. у знач. наз. перадава́я, ‑ой, ж. Разм. Пярэдняя лінія абароны перад фронтам праціўніка; раён баявых дзеянняў. Падрыўнікі, раней чым з’явіцца ў штаб і далажыць аб выкананы задання, вырашылі завітаць па дарозе на перадавую. Шахавец. Чарняхоўскі разам з камдывам накіраваўся ў бок перадавой. Мележ.
•••
Перадавы артыкул гл. артыкул.
перадавяра́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да перадавяраць.
перадавяра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да перадаверыць.
перададлётны, ‑ая, ‑ае.
Які бывае перад адлётам, папярэднічае адлёту. Перададлётная мітусня.
перадаі́ць, ‑даю, ‑доіш, ‑доіць; зак., каго.
Разм. Падаіць усіх, многіх. Перадаіць усіх кароў.
перадалімпі́йскі, ‑ая, ‑ае.
Які бывае перад алімпійскімі гульнямі, папярэднічае алімпійскім гульням. Перадалімпійскі год. Перадалімпійскія спаборніцтвы.
перадаперацы́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які бывае перад аперацыяй, папярэднічае аперацыі. Перадаперацыйныя працэдуры.
2. у знач. наз. перадаперацы́йная, ‑ай, ж. Памяшканне перад аперацыйным пакоем.
перадапо́шні, ‑яя, ‑яе.
Які папярэднічае апошняму, другі ад канца. Праз тыдзень пасля гэтай гутаркі Алесь, Крушына, Печка і Трайны — у чарговай перадапошняй групе няхворых — выйшлі з-за лагерных дратоў. Брыль. І вось я, Васіль Падлескі, студэнт перадапошняга курса сельскагаспадарчага інстытута, прыехаў у палескую глуш, у вялікае сяло. Пестрак.