сурдапедаго́гіка, ‑і, ДМ ‑гіцы, ж.
Навука пра выхаванне і навучанне дзяцей з парушэннямі слыху.
[Ад лац. surdus — глухі.]
сурдзі́на, ‑ы, ж.
Прыстасаванне, пры дапамозе якога аслабляецца гук у музычных інструментах.
[Фр. sourdine.]
сурдзі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і сурдзіна.
•••
Пад сурдзінку — а) ціха, прыглушана. Каб не прыцягваць увагі пасажыраў, я іграў .. [жанчыне] ціха, пад сурдзінку. Рамановіч; б) тайком, употай, цішком.
сурду́т, ‑а, М ‑дуце, м.
Мужчынская двухбортная вопратка з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела. Тасін бацька на вачах у дачкі выцяг[нуў] з шафы свой стары сурдут з сярэбранай зоркай. Мікуліч.
[Ад фр. surtout.]
сурду́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сурдута. Сурдутны крой.
сур’ёз, ‑у, м.
Разм. Сур’ёзнасць. Годзе смяяцца там, дзе патрэбна сур’ёзу... Гартны.
•••
На (поўным сур’ёзе) — з усёй сур’ёзнасцю. Індустрыяй на сяле .. [Рудакоўскі] на поўным сур’ёзе лічыў кузні, сталярні, рымарні, а тых, хто ў іх працуе, вясковым пралетарыятам. Місько.
сур’ёзна, прысл.
1. Прысл. да сур’ёзны.
2. Не жартуючы, без смеху. Чорныя гузічкі Мішкавых вачэй глядзяць уважліва, сур’ёзна. Брыль.
3. у знач. пабочн. Разм. Сапраўды. Сход пераносіцца назаўтра, сур’ёзна.
сур’ёзнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан сур’ёзнага. У сур’ёзнасці тону [лесніка] .. пачулася нейкая грозьба. Колас. Тураўцу цяпер кінулася ў вочы недзіцячая сур’ёзнасць хлопца. Мележ. Кібрык паспрабаваў пазбегнуць сур’ёзнасці, якая раптам з’явілася ў застольнай гутарцы. Шыцік.
2. Сур’ёзныя, удумлівыя адносіны да чаго‑н. [Янукевіч:] — Мала яшчэ даём хлеба — гэта самае балючае пытанне, і мы цяпер з усёй сур’ёзнасцю займаемся ім. Хадкевіч.
сур’ёзнець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Рабіцца, станавіцца сур’ёзным. Можна было заўважыць, як пакрысе сур’ёзнеў .. [Чорны], рабіўся негаваркім, усё больш паглыбляючыся ў сябе. Лужанін.