сураві́зна, ‑ы, ж., зб.
1. Суравая пража або тканіна.
2. Спец. Тканіна з ткацкага станка без афарбоўкі і апрацоўкі. Прамыўка суравізны.
суравы́, ‑ая, ‑ое.
1. Грубы, нябелены (пра тканіну, ніткі і пад.). Мех быў новы, з суравога палатна. Пташнікаў. // Зроблены з грубай нябеленай тканіны. Суравы абрус. □ На дварэ днела; шэрае святло прабівалася ў .. пакой [Наталі] праз шчыльную суравую фіранку. Гартны.
2. Абл. Сыры. [Антось:] — Вось глядзі: агуркі суравыя і маласольныя — колькі хочаш. Кулакоўскі.
сурага́т, ‑у, М ‑гаце, м.
Замяняльнік натуральнага прадмета, прадукту, які мае толькі некаторыя яго ўласцівасці. Сурагат слановай косці. Сурагат цукру — сахарын. // перан. Тое, што замяняе сабою што‑н. Мастацкая літаратура толькі тады будзе дзейснай і сапраўднай зброяй у руках партыі, калі яна будзе сапраўды мастацкай, а не сурагатам мастацтва. Чорны.
[Ад лац. surrogatus — пастаўлены замест іншага.]
сурага́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сурагату, з’яўляецца сурагатам. Сурагатная кава.
суразме́раны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад суразмераць.
суразме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Прывесці ў адпаведнасць з чым‑н. па велічыні, памерах; устанавіць адпаведнасць з чым‑н. па велічыні. Суразмераць расходы з даходамі. Суразмераць сілы.
суразме́рвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да суразмерваць.
суразме́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да суразмераць.
суразме́рнасць, ‑і, ж.
Адпаведнасць чаму‑н. па велічыні, памерах. Сакрэт песеннасці вершаў Багдановіча заключаецца перш за ўсё ў класічным развіцці тэмы, у суразмернасці яе «руху» з куплета ў куплет. Лойка. // Правільныя суадносіны памераў, частак чаго‑н.; прапарцыянальнасць. Суразмернасць частак паэмы.
суразме́рны, ‑ая, ‑ае.
Які адпавядае чаму‑н. па велічыні, памерах. // Які мае правільныя суадносіны памераў, частак; прапарцыянальны.