Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэпрэ́сія, ‑і, ж.

Карная мера, пакаранне з боку дзяржаўных органаў. Мы яшчэ не ведаем, як сустрэнуць нас незнаёмыя людзі. Можа пасля лютых рэпрэсій немцаў у іх ад страху застыла кроў, і яны не стануць з намі гаварыць, пабаяцца пусціць нас на свой парог. С. Александровіч.

[Лац. repressio — стрымліванне.]

рэпты́лія, ‑і, ж.

1. Паўзун. Значна менш у фаўне БССР рэптылій і амфібій, якія складаюць увогуле менш 20 відаў. Прырода Беларусі.

2. перан. Работнік прэсы, журналіст і пад., які рабалепствуе перад вышэйшым начальствам.

[Ад лац. reptilis — які поўзае.]

рэпты́льны, ‑ая, ‑ае.

Прадажны, падлізлівы. Рэптыльная газета.

рэпута́цыя, ‑і, ж.

Грамадская думка, якая склалася пра каго‑, што‑н. Палагея (так звалі ўдаву) мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін. Іван ванька рэпутацыю школы падтрымаў, затое Алесік Грылюк псуе ўсю справу. Колас.

•••

Падмачыць рэпутацыю гл. падмачыць.

[Фр. réputation.]

рэ́пчаты, ‑ая, ‑ае.

Па форме падобны на рэпу.

рэско́нтра, нескл., н.

Дапаможная бухгалтарская кніга для ўліку разлікаў з рознымі арганізацыямі і асобамі.

[Іт. riscontro.]

рэскры́пт, ‑а, М ‑пце, м.

1. Пісьмо манарха якой‑н. высокапастаўленай асобе з аб’яўленнем узнагароды, з удзячнасцю за паслугі і пад.

2. У Старажытных Рыме — адказ імператара на пададзенае яму для вырашэння пытанне.

[Лац. rescriptum.]

рэспе́кт, ‑у, М ‑кце, м.

Уст. Пашана, павага. Верабей, як-ніяк, меў, як кажуць, рэспект да Веры Ігнатаўны, і яна не помніць, каб у чым-небудзь ёй адмаўляў. Пестрак.

[Фр. respect.]

рэспекта́бельнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рэспектабельнага.

рэспекта́бельны, ‑ая, ‑ае.

Паважны, прыстойны, важны. Рэспектабельная сям’я.

[Фр. respectable.]