Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распа́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распарыць.

2. у знач. прым. Які стаў мяккім пад уздзеяннем пары, гарачай вады і пад.; прыгатаваны параннем. Распараныя венікі. □ Многія рыбы ўлетку добра ловяцца на чорны і белы хлеб, на рознае распаранае зерне, гарох. Матрунёнак. На ферме, цёплай і чыстай, густа пахла варанай бульбай і распараным вотруб’ем — свіней нядаўна кармілі. Савіцкі.

3. у знач. прым. Разгарачаны, разамлелы (ад гарачыні, парання і пад.). Выходзячы з ванны ў паласатай піжаме, пачырванелы, распараны, Іван Трахімавіч сказаў жонцы: — Гануля! Зірні там у партфель. Я табе падарунак прывёз. Корбан. — Больш няма куды. Па завязку. — Дзмітрый высунуўся з люка, абцёр распараны твар. Беразняк.

распа́рвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распарыцца.

2. Зал. да распарваць.

распа́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да распарыць.

распа́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле дзеясл. распарваць — распарыць (у 1 знач.).

распаро́цца, ‑порацца; зак.

Дарвацца па шву, у месцы шва. Рукаў распароўся.

распаро́ць, ‑пару, ‑пораш, ‑пора; зак., што.

1. Разарваўшы ніткі, распусціць, ліквідаваць (шво, узор і пад.). Распароць аздобную строчку. □ [Хлопец] распароў нейкае шво ў пінжачнай падшэўцы. Чорны. // Разарваць, разрэзаць на часткі, распусціўшы швы. Распароць старое паліто. □ Вось доктар тонкім бліскучым ножыкам распароў рукаў кашулі дырэктара, агаліў плячо і ўсю правую руку. Нядзведскі.

2. Разарваць, разрэзаць чым‑н. вострым. Я сядзеў побач з .. [Цімохам], латаў валёнак — распароў удзень у лесе. Савіцкі.

3. Нанесці глыбокую рану чым‑н. вострым. Вепр іклом распароў .. [Яўхіму] лытку да самай косткі. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Васілю Міхальчуку распарола асколкам жывот, і пасля шпіталя яго звольнілі з арміі. Навуменка.

распа́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Размякчыцца, размякнуць пад дзеяннем пары, вару і пад. Скура распарылася. □ За ноч макуха распарылася, і на раніцу Галя прынесла паўвядзерца пойла. Сабаленка.

2. Моцна прагрэцца, мыючыся ў лазні з парай. [Андрэй] распарыўся ўвесь, расчырванеўся, ад яго веяла гарачым здароўем, свежаю сілай. Зарэцкі. // Разм. Разагрэцца да поту; разгарачыцца. Сёння пякло і парыла ўвесь дзень. Юрка надта распарыўся на будоўлі, і ён будзе купацца даўжэй, чым у мінулыя вечары. Вышынскі. Хіліла зноў на сон, і ён падумаў, што, бегучы за санямі, быў распарыўся. Пташнікаў.

распа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

1. Апрацаваць парай, варам для ачысткі, размякчэння і пад. Распарыць зерне. □ [Валодзя] выразаў кавалак дубовай кары і распарыў яго. Федасеенка. З грабу высек палазы Ды загнуў, як рожкі, Ды распарыў ён вязы, Выгабляваў дошкі. Бялевіч.

2. Моцна прагрэць, мыючы ў лазні з парай. Распарыць цела. // Разм. Разагрэць да поту; разгарачыць. Чарка гэта была не першая.. Капейка, відаць, і сам палічыў, што ўжо даволі распарыў мужыка. Брыль.

распасо́ўка 1, ‑і, ДМ ‑соўцы; Р мн. ‑совак; ж.

У спорце — некалькі перадач мяча адзін другому членамі адной каманды.

распасо́ўка 2, ‑і, ДМ ‑соўцы, ж.

У картачнай гульні — становішча, калі ўсе ігракі адмаўляюцца ад ігры і аб’яўляюць пас. [Іван Пятровіч] заказаў тады яшчэ адзін круг распасоўкі, але і тут яму не пашанцавала — нахапаў узятак болей за ўсіх. Васілёнак.

распасце́рці, ‑стру, ‑стрэш, ‑стрэ; ‑стром, ‑страце; пр. распасцёр, ‑сцерла; зак., што.

1. Шырока раскінуць, развесці (рукі, крылы). Калі мы рушылі да дзвярэй, гаспадыня засланіла іх сабой і распасцерла рукі. Няхай. Шпак каменем паляцеў уніз, каля зямлі распасцёр крыл[ы] і сеў на сук. Пальчэўскі.

2. Роўна, свабодна раскласці на дастатковай плошчы. Генерал распасцёр сцяг на стале, пагартаў дакументы, і, змахнуўшы слязу са шчакі, моўчкі, з парывам абняў Зянона Лапіча. М. Ткачоў. [Іллюк] адчыніў ток. Распасцёр рэзгіны ля застаронка. Калюга.

3. перан.; на каго-што. Пашырыць сферу дзеяння чаго‑н., ахапіўшы большае кола прадметаў, з’яў. Распасцерці сваю ўладу.