Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэпрадуктава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэпрадуктаваць.

рэпрадуктава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да рэпрадуктаваць.

рэпрадуктава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

1. Зрабіць (рабіць) рэпрадукцыю (у 1 знач.) чаго‑н. Рэпрадуктаваць карціны.

2. Аднавіць (аднаўляць) тое, што захавалася ў памяці.

рэпраду́ктар, ‑а, м.

1. Апарат для ўзнаўлення гуку, які перадаецца радыёвяшчальнымі станцыямі; гучнагаварыцель. Увечары часта разам заседжваліся каля рэпрадуктара, трывожна слухалі паведамленні з фронту... Мележ. Уключылі радыё, а калі голас рэпрадуктара ўрачыста прывітаў: «З Новым годам, таварышы!», усе ўсталі і паднялі чаркі за здароўе краіны, такой жа маладой, як і яны. Шахавец.

2. Гаспадарка, якая спецыялізуецца на вытворчасці і вырошчванні маладняку ці сартавога насення.

[Ад лац. re — зноў і producere — рабіць, ствараць.]

рэпрадукты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэпрадукцыі (у 3, 4 знач.).

рэпрадукцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэпрадукцыі (у 1, 2 знач.).

рэпраду́кцыя, ‑і, ж.

1. Перадрукоўванне малюнка, карціны, чарцяжа і пад. паліграфічнымі або фатаграфічнымі сродкамі.

2. Перадрукаваны малюнак, карціна ці фотаздымак. На сцяне вісела рэпрадукцыя з рэпінскай карціны. Грахоўскі. Пані .. падышла да адной карціны і расчаравана ўскрыкнула: «Дык гэта ж вісіць у мяне на кватэры ў Вільні!» — Тут арыгінал, а ў вас — рэпрадукцыя! — тлумачу ёй. Карпюк.

3. Узнаўленне чаго‑н., што захавалася ў памяці.

4. Узнаўленне, размнажэнне племянной жывёлы ці сартавога насення.

[Ад лац. re — зноў і productio — ствараю, раблю.]

рэпры́за, ‑ы, ж. і рэпры́з, ‑а, м.

1. Паўтарэнне якога‑н. раздзела музычнага твора. // Нотны знак гэтага паўтарэння.

2. Кароткі жартоўны нумар, які выконваецца клоунамі або іншымі артыстамі размоўнага жанру ў цырку і на эстрадзе.

[Фр. reprise.]

рэпры́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. Рэпрадуктаванне тэкстаў, чарцяжоў і пад. электраграфічным спосабам.

[Англ. reprint — перадрук.]

рэпрэзентава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэпрэзентаваць.