невысо́кі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае невялікую вышыню; нізкі. Дым з невысокага коміна заўсёды калыхаўся над рачнымі хвалямі. Гартны. Адам — невысокі, каранасты хлапец з кучаравымі валасамі. Якімовіч. // Які знаходзіцца або адбываецца на нязначнай вышыні. Невысокая столь. □ З чыстай, у асенніх фарбах прасекі [Андрэй] выходзіць на паляну гонкага трапяткога асінніку і жмурыцца ўжо невысокаму сонцу. Ракітны.
2. Нязначны па колькасці, сіле і пад., невялікі. Невысокі ціск. Невысокая тэмпература.
3. Другарадны па якасці. Невысокі сорт тавараў.
4. Які не дасягнуў высокай ступені развіцця, дасканаласці. Невысокая кваліфікацыя.
5. Пасрэдны; адмоўны. Невысокая ацэнка.
6. Сярэдні паміж нізкім і высокім (пра гукі, голас). Невысокі тон.
невытво́рны, ‑ая, ‑ае.
Які не ўтвараецца ад чаго‑н. падобнага. Асновы, якія складаюцца толькі з адной карэннай марфемы, называюцца невытворнымі. Граматыка.
невытлумача́льнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць невытлумачальнага; незразумеласць. Невытлумачальнасць з’явы.
невытлумача́льны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які не паддаецца тлумачэнню, вытлумачэнню; незразумелы. Невытлумачальны факт. Невытлумачальнае пачуццё. □ З .. пункту погляду [буржуазных эстэтаў] індывідуальнасць — сама сабе мера і закон, яна ўсё тлумачыць у мастацтве, сама ж невытлумачальная. «Полымя».
невыце́рпны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які цяжка, немагчыма выцерпець. Невыцерпны голад. □ Глядзіць ён на агонь той несвядома Да болю невыцерпнага ў вачах. Лойка. Мы не спужаліся вайны, Хоць там і кроў, агні пажараў. Хіба ж марнелі мы адны Ад невыцерпнага цяжару. Хведаровіч.
невычарпа́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць невычарпальнага. Невычарпальнасць прыродных багаццяў.
невычарпа́льны, ‑ая, ‑ае.
Які практычна цяжка вычарпаць, выкарыстаць поўнасцю; вельмі багаты. Запасы ў атмасферы невычарпальныя. □ Сваёй назвай .. [Салігорск] абавязак невычарпальным скарбам калійнай і каменнай солі. «Маладосць». // Бязмежны. Невычарпальныя магчымасці. □ Энтузіязм камсамольцаў і моладзі быў невычарпальны. «Звязда».
невычэ́рпнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць невычэрпнага.
невычэ́рпны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і невычарпальны. «Чорнае балота» стане невычэрпнай крыніцай даходу. Грамовіч. Слова! Яно неабсяжнае, як сусвет, невычэрпнае, як акіян. Юрэвіч.
невядо́ма, безас. у знач. вык.
Няма звестак аб кім‑, чым‑н. Дзе .. [Валодзя], што з ім — невядома ўжо тры дні. Васілеўская. На што.. [Пракоп Сыс] толькі спадзяваўся — невядома. Вітка.