Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

се́яльшчык, ‑а. м.

1. Работнік сельскай гаспадаркі, які займаецца пасевам насення. [Бязуглаў:] — Павінен вам сказаць, што сеяльшчыкі зусім не маюць вопыту квадратна-гнездавога пасеву. Савіцкі.

2. Рабочы, які заняты прасейваннем чаго‑н. Сеяльшчык гравію.

се́яльшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да сеяльшчык.

се́янец, ‑нца, м.

Расліна, якая вырасла з насення (у адрозненне ад саджанца). У лясгасе.. вырашчана звыш 40 000 штук сеянцаў белай і.. чорнай шаўкавіцы. «Беларусь».

се́янка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Разм.

1. Дробна прасеяная мука. Аржаная сеянка.

2. Тое, што і сеянец. К канцу мая расада Аксінні абагнала сеянку Палікарпаўны. Кулакоўскі.

3. Насенне, клубні, прызначаныя для пасеву. [Маці:] — А потым перабрала бульбу. Сеянку ў пограб, а тую, што есці, — у падполле. Гаўрылкін.

се́янне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сеяць.

се́яны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад сеяць.

2. у знач. прым. Прасеяны праз сіта. Сеяная мука. // Выпечаны з прасеянай мукі. Сеяны хлеб.

3. у знач. прым. Пасеяны чалавекам (у адрозненне ад дзікарослага). Сеяныя травы. // З пасеянай расліннасцю. Сеяныя лугі.

се́яцца, сеецца; незак.

1. Ісці, падаць (пра дробны снег, дождж). Асенні дождж, нібы праз рэшата, сеяўся па гразкай вуліцы. Лынькоў. Бралася на зіму. Сеяўся мокры снег. Новікаў. // Рассявацца, ападаць (пра змрок). Паміж дрэў ужо сеяўся і астойваўся вячэрні змрок. Паслядовіч.

2. Разм. Сыпацца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Зерне сеецца і сеецца з мяшка. □ Ціха сеецца пясок. І не трэба ўжо шоргаць у адтуліне трэскай. Ваданосаў.

3. Разм. Засявацца стыхійна. Высякалі бярэзнік і ніцую лазу, што сеяліся і раслі тут на балоце разам з травой рабінкай. Пташнікаў. [Мак] цвіце вельмі прыгожымі кветкамі, каб прывабіць сяго-таго, а то і сам сеецца. Сачанка.

4. Зал. да сеяць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

се́яць, сею, сееш, сее; незак., што.

1. і без дап. Раскідваць насенне па падрыхтаваную для сяўбы глебу. Сеяць жыта. Сеяць лён. □ Хлопцы сеялі, касілі, Як паспее жыта, жалі, Адным словам — не ляжалі. Крапіва. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Колас. // Спец. Змяшчаць (мікраарганізмы) у пажыўнае асяроддзе для вырошчвання.

2. перан.; Распаўсюджваць сярод людзей (асвету, ідэі, чуткі і пад.). Сеяць добрае. □ К. Каліноўскі.. хадзіў ад вёскі да вёскі, сеяў у народзе веру ў лепшую будучыню. С. Александровіч.

3. перан. Раскідваць, распыляць, што‑н. Цяжкія хмары нізка валакуцца над.. [зямлёю] і прабуюць сеяць на яе цёплую імглу. Чорны. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў, Ў думках радасна было, Беглі песні ад душы. Купала. Вецер, мабыць, разагнаў хмары, і пухлячок-маладзік сеяў на зямлю кволы россып сіняватага агню. Асіпенка. // без дап. Ісці, падаць (пра дождж, снег). На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж. Шамякін.

4. Разм. Засяваць (якую‑н. плошчу зямлі). Сеяць загон.

5. Прасейваць. Сеяць муку.

•••

Сеяць смерць — несці смерць каму‑н., забіваць каго‑н. Проста з неба ляцяць на дзяцей [самалёты], Сеюць смерць кулямёты. Куляшоў.

Сеяць смуту — распаўсюджваць трывожныя чуткі, падбухторваць на бунт, выклікаць хваляванні.

Хоць мак сёй — і не зварухнецца.

Хоць рэпу сёй — а) пра што‑н. вельмі бруднае. Бацька не раз гаварыў [Міхасю]: «Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сёй!» Колас; б) як і не было нічога. — І ўвесь двор згарэў? — Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сёй. Якімовіч.