се́яць, сею, сееш, сее; незак., што.
1. і без дап. Раскідваць насенне па падрыхтаваную для сяўбы глебу. Сеяць жыта. Сеяць лён. □ Хлопцы сеялі, касілі, Як паспее жыта, жалі, Адным словам — не ляжалі. Крапіва. Ухадзіўся з работаю дзядзька Марцін. Яшчэ на тым тыдні скончыў сеяць грэчку. Колас. // Спец. Змяшчаць (мікраарганізмы) у пажыўнае асяроддзе для вырошчвання.
2. перан.; Распаўсюджваць сярод людзей (асвету, ідэі, чуткі і пад.). Сеяць добрае. □ К. Каліноўскі.. хадзіў ад вёскі да вёскі, сеяў у народзе веру ў лепшую будучыню. С. Александровіч.
3. перан. Раскідваць, распыляць, што‑н. Цяжкія хмары нізка валакуцца над.. [зямлёю] і прабуюць сеяць на яе цёплую імглу. Чорны. Неба сеяла цяпло, Цёплы дожджык церушыў, Ў думках радасна было, Беглі песні ад душы. Купала. Вецер, мабыць, разагнаў хмары, і пухлячок-маладзік сеяў на зямлю кволы россып сіняватага агню. Асіпенка. // без дап. Ісці, падаць (пра дождж, снег). На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж. Шамякін.
4. Разм. Засяваць (якую‑н. плошчу зямлі). Сеяць загон.
5. Прасейваць. Сеяць муку.
•••
Сеяць смерць — несці смерць каму‑н., забіваць каго‑н. Проста з неба ляцяць на дзяцей [самалёты], Сеюць смерць кулямёты. Куляшоў.
Сеяць смуту — распаўсюджваць трывожныя чуткі, падбухторваць на бунт, выклікаць хваляванні.
Хоць мак сёй — і не зварухнецца.
Хоць рэпу сёй — а) пра што‑н. вельмі бруднае. Бацька не раз гаварыў [Міхасю]: «Ну, брат, у цябе і вушы: хоць рэпу сёй!» Колас; б) як і не было нічога. — І ўвесь двор згарэў? — Увесь, пане: чыста, гладка, хоць рэпу сёй. Якімовіч.