Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

га́ненне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ганіць.

гане́нне, ‑я, н.

Жорсткае праследаванне, рэпрэсіі. Пачаліся жорсткія ганенні на маці: арышты, катаванні ў палявой жандармерыі. «Звязда».

га́нец,

гл. ганцы.

гане́ц, ‑нца́, м.

Той, каго паслалі з тэрміновым паведамленнем; пасыльны. Носяць .. [весткі] з сяла да сяла маладыя хлопцы і дзяўчаты — ганцы падполля. Пестрак.

ганіёметр, ‑а, м.

1. Прыбор для вымярэння вуглоў паміж гранямі крышталяў, а таксама ў розных прызмах.

2. Прыбор (сістэма шпулек) для накіраванай радыёперадачы і накіраванага рэдыёпрыёму.

[Ад грэч. gōnia — вугал і metreō — мераю.]

гані́цель, ‑я, м.

Той, хто праследуе, прыгнятае каго‑, што‑н.; душыцель. Царква і манастыры, выступаючы ў ролі ганіцеляў асветы і навукі, у сваіх інтарэсах свядома культывавалі і падтрымлівалі сярод насельніцтва ўсеагульную непісьменнасць і забабоны. Алексютовіч.

гані́целька, ‑і, ДМ ‑льцы, ж.

Жан. да ганіцель.

га́ніцца, ‑ніцца; незак.

Зал. да ганіць.

га́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., каго-што.

Прызнаваць непрыгодным, дрэнным; даваць нізкую ацэнку. Сініцкі гаварыў і гаварыў пра дысертацыю, але Кухарчык не мог ніяк зразумець, ці ён яе хваліць, ці ганіць. Сабаленка. // Асуджаць, абгаворваць. Заўсёды мімаволі з’яўляецца антыпатыя да чалавека, які пачынае завочна ганіць іншых. Шамякін.

ганіяме́трыя, ‑і, ж.

Раздзел трыганаметрыі, у якім разглядаюцца спосабы вымярэння вуглоў, вызначэнне трыганаметрычных функцый і суадносіны паміж імі.

га́нка,

гл. ганцы.

гання́,

гл. гайня.