Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тараба́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Разм.

1. Моцна стукаць, утвараючы шум, грукат. Там, дзе былі сабакі,.. [хлопчык] замаруджваў хаду і, каб раззлаваць іх, тарабаніў палкай па штакецінах. Гамолка.

2. што. Несці што‑н. цяжкае, вялікае, грузнае. Азірнуўся — зямляк-аднакашнік Алесь Садовіч. Ідзе — калыхаецца, чамадан з распёртымі бакамі тарабаніць, а цераз плячо накідка звешваецца. Колас. А пасля .. [Антону] карцела схадзіць на рынак — і ён тарабаніў па вуліцы скрынкі і зэдлікі. Ракітны.

тараба́рскі, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Тайнапісны, крыптаграфічны. Тарабарскае пісьмо.

2. перан. Незразумелы з-за складанасці вырашэння. Тарабарская мова. // Пазбаўлены сэнсу, бязглузды.

тараба́ршчына, ‑ы, ж.

Разм. Што‑н. сказанае або напісанае ўскладнена, няясна; твор, выказванне, пазбаўленыя глыбокага сэнсу. [Буднік:] — Мне .. [Ягупла] не падабаецца і не падабаюцца ягоныя вершы. Сухія яны задужа і крыклівыя. Тарабаршчына, а не паэзія. Галавач. // Агульнае незразумелае гаварэнне, гоман. Злітным грамавым гудам вісела над Сілцамі кірмашовая тарабаршчына. Гартны.

тараба́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.

Разм. Займацца пустымі размовамі, балбатаць. Брыгадзір нешта вельмі доўга абціраў ногі, потым тарабарыў з гаспадыняй і з Галяй. Навуменка.

тарака́н, ‑а, м.

Насякомае чорнай або рыжай афарбоўкі з доўгімі вусамі, некаторыя віды якога водзяцца ў жыллі чалавека. З паўгадзіны ў хаце было так ціха, што чуваць было, як бзынкалі мухі, як шамацелі тараканы за печчу. Гартны.

тарака́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да таракана. // Такі, як у таракана (звычайна пра вусы).

2. у знач. наз. тарака́навыя, ‑ых. Атрад насякомых, да якога адносяцца розныя віды тараканаў.

тарака́нчык, ‑а, м.

Разм. Памянш. да таракан; маленькае насякомае.

таракаскапі́я, ‑і, ж.

Спец. Метад агляду плеўральнай поласці пры дапамозе аптычнага прыбора, які ўводзяць праз пракол грудной сценкі.

[Ад грэч. thórakos — грудзі і ...скапія.]

тарала́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Утвараць шум пры дапамозе сукала і пад. Бабы датыкаюць апошнія кросны, набіліцы стукаюць — чутно на вуліцы, як таралакаюць сукалы. Каваль.

тара́н 1, ‑а, м.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).

тара́н 2, ‑а, м.

1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.

2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.

3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.

4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.

•••

Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.