тара́н 1, ‑а, м.

Прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі (у ежу ідзе галоўным чынам у салёным і вяленым выглядзе).

тара́н 2, ‑а, м.

1. Старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены і якая мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам, прымацаваным ланцугамі на перасовачнай вежы. Сценабітны таран. // Спец. Выступ у насавой падводнай частцы баявога судна для нанясення ўдару па корпусу варожага судна. // Прылада, прадмет, якім можна разбіць што‑н., зрабіць прабоіну ў чым‑н.

2. Прамы ўдар, які робіць прабоіну.

3. Нанясенне ўдару носам карабля. вінтом самалёта, пярэдняй часткай танка па варожай машыне ў час бою. Жыцця не шкадуючы, ворага гналі, Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, — Вы [салдаты] білі таранам яго самалёты, Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі. Броўка.

4. Прарыў фронту і глыбокае ўкліненне ў размяшчэнне войск праціўніка, а таксама ўдарная група, якая выконвае гэты прарыў. Стратэгічны таран.

•••

Гідраўлічны таран — тэхнічнае збудаванне для пад’ёму вады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)