Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

се́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне для лоўлі рыбы, птушак і пад. з перакрыжаваных нітак, замацаваных на роўных прамежках вузламі. Плесці сетку. □ Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [Марціна] адмысловая. Колас.

2. Прыстасаванне рознага прызначэння з перакрыжаваных нітак, вяровак, дроту і пад. Сетка для валасоў. Валейбольная сетка. Ложак з жалезнай сеткай. □ Пад столлю напоўніліся жоўтым цьмяным святлом закрытыя сеткамі лямп[ачкі]. Самуйлёнак. Ад куслівых пчол на твар Напінае сетку [пчаляр]. Калачынскі. Механікі хутка скінулі з самалётаў маскіровачныя сеткі, памаглі надзець парашуты і падсадзілі лётчыкаў у кабіны. Алешка.

3. перан.; чаго. Што‑н. падобнае на мноства скрыжаваных, пераплеценых ліній, нітак. Сетка павуціны. Сетка правадоў. Сетка маршчынак. □ Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прамяні. Дуброўскі. Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу. Гамолка. Сташэўскі, здалося Каршукову, хітра прыплюснуў павекі, пакрытыя чырвонай сеткай жылак. Асіпенка. Апоўдні.. [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль.

4. Разм. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў, сплеценая з вяровак, шнуркоў і пад. У руцэ.. [жанчына] трымала сетку, з якой тырчалі рыльцы радыскі. Даніленка. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі. Адамчык.

5. Разм. Кашуля з тканіны рэдкага пляцення, рэдкай вязкі.

6. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць якіх‑н. дарог, каналаў, ліній сувязі і пад. Чыгуначная сетка. Сетка падземных дарог. Тэлефонная сетка. Асушальная сетка. Арашальная сетка. □ А навокал.. паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог. Зарэцкі.

7. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе‑н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў і пад. Гандлёвая сетка. □ Густою сеткаю школ, бібліятэк, дамоў культуры пакрылася наша рэспубліка. «Беларусь». За апошнія гады ў нашай рэспубліцы створана шырокая сетка палітычнай асветы. «Звязда».

8. Клеткі, якія атрымліваюцца ў выніку разлінейвання паперы, карты і пад. Геаграфічная сетка. Градусная сетка. □ [Камандзір роты] дастаў з планшэткі карту і, схіліўшыся, пры святле ліхтарыка пачаў разглядаць скрэмзаную сетку кіламетроўкі. Грамовіч.

9. Спец. Расклад, шкала, схема. Тарыфная сетка.

10. Другі аддзел страўніка жвачных жывёлін.

11. У радыётэхніцы — крацісты электрод электроннай лямпы. Сетка электроннай лямпы.

сеткава́ты, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з сеткі (у 1, 2 знач.); з’яўляецца сеткай. Сеткаваты чарпак. // З сеткай (у 2 знач.). Сеткаваты фільтр. // Які мае выгляд сеткі (у 1, 2 знач.); падобны на сетку. Сеткаваты ўзор.

•••

Сеткаватая абалонка — унутраная святлоадчувальная абалонка вока; сятчатка.

се́ткавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да сеткі (у 1, 2 знач.). Сеткавая пража. Сеткавае пляценне. Сеткавае палатно. // Які з’яўляецца сеткай; складаецца з сетак. Сеткавыя прылады лоўлі. // Які робіцца пры дапамозе сеткі (сетак). Сеткавая лоўля. Сеткавы промысел.

2. Які мае адносіны да электрычнай сеткі. Сеткавы рубільнік.

сеткавяза́нне, ‑я. н.

Вытворчасці, сеткавых палотнаў для рыбалоўства. Механічнае сеткавязанне.

сеткакры́лыя, ‑ых.

Атрад насякомых з крыламі, адкрытымі густой сеткай дробных жылак.

сеткапад’ёмнік, ‑а, м.

Судна, аснашчанае спецыяльнымі машынамі для пад’ёму сетак і невадаў.

сеткапад’ёмны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для пад’ёму з вады рыбалоўных сетак і невадаў.

сеткападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на сетку, у выглядзе сена (у 1–3 знач.).

се́тэр, ‑а, м.

Паляўнічы даўгашэрсны сабака; парода такіх сабак.

[Англ. setter.]

сеўр, сеўру, м., зб.

Мастацкія вырабы буйнейшага ў Францыі фарфоравага завода ў г. Сеўры.