се́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Прыстасаванне для лоўлі рыбы, птушак і пад. з перакрыжаваных нітак, замацаваных на роўных прамежках вузламі. Плесці сетку. □ Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. А рыбацкая снасць — сетка, нераткі, вуды — была ў.. [Марціна] адмысловая. Колас.
2. Прыстасаванне рознага прызначэння з перакрыжаваных нітак, вяровак, дроту і пад. Сетка для валасоў. Валейбольная сетка. Ложак з жалезнай сеткай. □ Пад столлю напоўніліся жоўтым цьмяным святлом закрытыя сеткамі лямп[ачкі]. Самуйлёнак. Ад куслівых пчол на твар Напінае сетку [пчаляр]. Калачынскі. Механікі хутка скінулі з самалётаў маскіровачныя сеткі, памаглі надзець парашуты і падсадзілі лётчыкаў у кабіны. Алешка.
3. перан.; чаго. Што‑н. падобнае на мноства скрыжаваных, пераплеценых ліній, нітак. Сетка павуціны. Сетка правадоў. Сетка маршчынак. □ Скрозь зялёную сетку маладых дрэў сонца цадзіла гарачыя прамяні. Дуброўскі. Удалечыні над возерам павісла мутная сетка дажджу. Гамолка. Сташэўскі, здалося Каршукову, хітра прыплюснуў павекі, пакрытыя чырвонай сеткай жылак. Асіпенка. Апоўдні.. [зруб] пакрыўся сеткай крокваў і лат. Брыль.
4. Разм. Сумка для нашэння прадуктаў, дробных рэчаў, сплеценая з вяровак, шнуркоў і пад. У руцэ.. [жанчына] трымала сетку, з якой тырчалі рыльцы радыскі. Даніленка. У вагон тым часам заходзілі людзі, гулка тупалі ў парозе, аббіваючы снег, вешалі на кручкі сеткі з абаранкамі. Адамчык.
5. Разм. Кашуля з тканіны рэдкага пляцення, рэдкай вязкі.
6. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць якіх‑н. дарог, каналаў, ліній сувязі і пад. Чыгуначная сетка. Сетка падземных дарог. Тэлефонная сетка. Асушальная сетка. Арашальная сетка. □ А навокал.. паслалася калгаснае поле, парэзанае на роўныя квадраты сеткай палявых дарог. Зарэцкі.
7. толькі адз.; чаго або якая. Сукупнасць размешчаных дзе‑н. і звязаных адзінай сістэмай устаноў, прадпрыемстваў і пад. Гандлёвая сетка. □ Густою сеткаю школ, бібліятэк, дамоў культуры пакрылася наша рэспубліка. «Беларусь». За апошнія гады ў нашай рэспубліцы створана шырокая сетка палітычнай асветы. «Звязда».
8. Клеткі, якія атрымліваюцца ў выніку разлінейвання паперы, карты і пад. Геаграфічная сетка. Градусная сетка. □ [Камандзір роты] дастаў з планшэткі карту і, схіліўшыся, пры святле ліхтарыка пачаў разглядаць скрэмзаную сетку кіламетроўкі. Грамовіч.
9. Спец. Расклад, шкала, схема. Тарыфная сетка.
10. Другі аддзел страўніка жвачных жывёлін.
11. У радыётэхніцы — крацісты электрод электроннай лямпы. Сетка электроннай лямпы.