Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

распа́дак, ‑дка, м.

Вузкая даліна, звычайна між гор. Два дні неба над пасёлкам было зацягнута хмарамі. Яны ахуталі шэрым вэлюмам вяршаліны гор, спаўзалі ў распадкі. Бяганская. Калі .. [Будрыс] спусціўся на дно распадка, на левым хрыбце ляжаў ужо глыбокі цень. Караткевіч. У распадках паміж сопкамі бялеюць дамы адпачынку. Грахоўскі.

распада́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распасціся.

2. Падзяляцца на састаўныя часткі; складацца з асобных частак. Сюжэт апавядання распадаецца на тры, арганічна звязаныя паміж сабою сюжэтныя лініі. Майхровіч.

распадзе́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. распадацца — распасціся.

распазнава́льнасць, ‑і, ж.

Якасць распазнавальнага; магчымасць распазнаць (у 1 знач.).

распазнава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які можна распазнаць, даступны для распазнавання. Распазнавальныя прыкметы.

распазнава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. распазнаваць — распазнаць.

распазнава́цца, ‑знаецца; незак.

Зал. да распазнаваць.

распазнава́ць, ‑знаю, ‑знаеш, ‑знае; ‑знаем, ‑знаяце.

Незак. да распазнаць.

распазна́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад распазнаць.

распазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Вызначыць, пазнаць па якіх‑н. прыкметах. [На дарозе] быццам нешта чарнела. Праз мінуту няцяжка было распазнаць, што рухаецца калона аўтамашын. Беразняк. Гук не сціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колас. — А то гляджу — сама Мілка ідзе ў цэх. У вачах ні смутку, ні адчаю, ні роспачы. Глядзіць мне ў вочы, смяецца. Не распазнаць: натуральна ці прытвараецца. Мыслівец. // Разгадаць, зразумець значэнне, характар, асаблівасці каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Кастравіцкі] ведаў, бадай, пэўна, што жонка расчаравана ў ім.. і як бы нанава стараецца яго распазнаць, шукаючы ў ім перш за ўсё благое. Навуменка. [Язэпу] хацелася хутчэй распазнаць нораў свайго буланчыка. Якімовіч.

2. Адрозніць, вылучыць сярод падобных. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай. [Нічыпаравы] словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.

3. Пазнаць у падрабязнасцях, дэталях. Як толькі вынырнулі з лесу, шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае — дарогу. Пестрак. [Аксіння Мелехава] баялася мужчын, праклінала сябе за маладую бяздумнасць, за жаданне як хутчэй да канца распазнаць свет. Мыслівец. Усё ахвота зразумець, распазнаць. Грамовіч.