распазна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Вызначыць, пазнаць па якіх‑н. прыкметах. [На дарозе] быццам нешта чарнела. Праз мінуту няцяжка было распазнаць, што рухаецца калона аўтамашын. Беразняк. Гук не сціхаў і быў ужо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колас. — А то гляджу — сама Мілка ідзе ў цэх. У вачах ні смутку, ні адчаю, ні роспачы. Глядзіць мне ў вочы, смяецца. Не распазнаць: натуральна ці прытвараецца. Мыслівец. // Разгадаць, зразумець значэнне, характар, асаблівасці каго‑, чаго‑н. Цяпер .. [Кастравіцкі] ведаў, бадай, пэўна, што жонка расчаравана ў ім.. і як бы нанава стараецца яго распазнаць, шукаючы ў ім перш за ўсё благое. Навуменка. [Язэпу] хацелася хутчэй распазнаць нораў свайго буланчыка. Якімовіч.

2. Адрозніць, вылучыць сярод падобных. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай. [Нічыпаравы] словы ледзьве можна было распазнаць паміж той гамарні, якая цяпер тварылася на дварэ. Чарот.

3. Пазнаць у падрабязнасцях, дэталях. Як толькі вынырнулі з лесу, шафёр спыніў машыну, каб распазнаць мясцовасць, а галоўнае — дарогу. Пестрак. [Аксіння Мелехава] баялася мужчын, праклінала сябе за маладую бяздумнасць, за жаданне як хутчэй да канца распазнаць свет. Мыслівец. Усё ахвота зразумець, распазнаць. Грамовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)