суправаджа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць для суправаджэння чаго‑н., які накіроўваецца, пасылаецца адначасова з кім‑, чым‑н. Суправаджальны бланк да пасылкі.
2. Які суправаджае пітон., цесна звязаны з чым‑н. Суправаджальныя абставіны.
суправаджа́цца, ‑аецца; незак., чым.
1. Адбывацца адначасова з чым‑н., спалучацца з чым‑н. Гульня суправаджалася выбухамі гучнага смеху. Васілёнак. Словы гэтыя суправаджаліся не менш зразумелым для Лёні мармытаннем. Брыль.
2. Мець сваім вынікам што‑н. Ядзерны распад, які суправаджаецца магутным, радыеактыўным выпраменьваннем, выкарыстоўваецца сёння як крыніца энергіі. «Маладосць». Паляпшэнне матэрыяльнага становішча працоўных мас суправаджаецца бурным росквітам культуры, мастацтва, павышэннем агульнага культурнага і адукацыйнага ўзроўню. «Весці».
3. Быць забяспечаным чым‑н., дапаўняцца чым‑н. Каштарыс суправаджаецца каментарыямі.
4. Зал. да суправаджаць.
суправаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. каго-што. Ісці, ехаць разам з кім‑н. у якасці спадарожніка, правадніка. Не было ні адной лекцыі, або рэферата, каб .. [жонка] не суправаджала .. [Луцкевіча] туды. Машара. Макс і надумаўся скарыстаць .. [веласіпед] для Васілька, каб той мог суправаджаць яго і ў паездках. Маўр. Сцяпанаў быў здаволены, што астаўся адзін, што не трэба суправаджаць новага чалавека, паказвацца ў штабе. Алешка. // Ісці, ехаць разам з кім‑, чым‑н., канваіруючы або ахоўваючы каго‑, што‑н. — А гэтыя хлопцы, — паказаў .. [сувязны] на групу аўтаматчыкаў, — будуць вас суправаджаць да наступнага лесу... Няхай. Ззаду заліваліся брэхам нямецкія аўчаркі, якія суправаджалі канвой. Лынькоў. // перан. Быць разам у час чыйго‑н. шляху; спадарожнічаць каму‑, чаму‑н. Ад гэтай .. [пераклічкі], што заўсёды суправаджае пачатак жніва, было ў полі неяк прыемна, весела і ў гэты вячэрні час, калі праца скончылася. Хадкевіч. Шум, мітусня, галашэнне сірэн, няспынны рух людзей і машын цябе прыгнятаюць і суправаджаюць да той хвіліны, пакуль ты не ўвойдзеш у памяшканне. Кавалёў.
2. што. Адбывацца, быць у наяўнасці адначасова з чым‑н. Музыка суправаджае спевы. □ У большасці выпадкаў працэс сцяжэння суправаджаюць і іншыя фанетычныя працэсы: працэсы асіміляцыі, а часамі і выпадзення. Юргелевіч.
3. што чым. Прыкладаць да чаго‑н., дапаўняць чым‑н. Суправаджаць тэкст заўвагамі.
4. што. У музыцы — акампаніраваць каму‑, чаму‑н.
суправаджа́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад суправаджаць.
2. у знач. наз. суправаджа́ючы, ‑ага, м. Той, хто суправаджае каго‑, што‑н. з мэтай аховы, канваіравання або як праваднік. Камандзір злучэння прапанаваў яму суправаджаючых да Бярэзіны, але Валодзя адмовіўся. Федасеенка.
3. Дзеепрысл. незак. ад суправаджаць.
суправаджэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. суправаджаць — суправадзіць.
2. Тое, што суправаджае якую‑н. з’яву, працэс.
3. Акампаніраванне; акампанемент, другая партыя. [Маша] ўпершыню чула капэлу-спеў без музычнага суправаджэння. Шамякін.
4. Спец. Група ваеннаслужачых (або баявых машын, самалётаў і пад.), якая суправаджае або канваіруе каго‑, што‑н. Самалёты суправаджэння.
•••
У суправаджэнні каго-чаго — а) разам з кім‑, чым‑н. Па вагону ў суправаджэнні правадніцы прасоўваецца брыгадзір. Васілёнак. [Пішчыкаў] павярнуўся і прасачыў, як самалёт з групы Мохарта пайшоў і пайшоў уніз у суправаджэнні знішчальніка. Алешка; б) пад акампанемент чаго‑н. Хор у суправаджэнні аркестра.
суправадзі́ць, ‑ваджу, ‑водзіш, ‑водзіць.
Зак. да суправаджаць.
суправі́цель, ‑я, м.
Правіцель, які правіць, кіруе сумесна з іншым правіцелем, падзяляе з ім паўнату ўлады.
супрама́т, ‑у, М ‑маце, м.
Разм. Супраціўленне матэрыялаў (пра вучэбны курс).
супраціўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. супраціўляцца (у 1 знач.).
2. Уласцівасць. здольнасць целаў супрацьдзейнічаць якім‑н. зменам, уздзеянням. Электрычнае супраціўленне. □ У медзі супраціўленне крыху большае, у жалеза яно ўзрастае ўжо ў некалькі разоў. Чаркасаў.
3. Спец. Элемент электрычнага ланцуга, які дазваляе рэгуляваць сілу току ў ланцугу. У першыя дні ляснога жыцця не раз бывала, што не толькі радавыя партызаны, але і камандзіры з пакутным непакоем паглядалі на раскіданыя па сасновым стале дэталі, лямпы і гнёзды, кандэнсатары і супраціўленні. Паслядовіч.
•••
Пастаяннае супраціўленне (уст.) — рэзістар.
Супраціўленне матэрыялаў — а) здольнасць матэрыялаў супрацьдзейнічаць змене іх формы; б) навука пра трываласць і віды дэфармацыі матэрыялаў і элемента канструкцый машын і збудаванняў.
Ісці па лініі найменшага супраціўлення гл. ісці.