Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раслі́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да расліны. Расліннае покрыва. □ Раслінны свет быў багаты, корму для .. [зуброў] хапала, жыццё было прывольнае. В. Вольскі. // Які складаецца з раслін. Раслінны корм. □ — Ты паведамляеш, што ў вашай школе ў гэтым годзе вельмі багаты куток натураліста, што ў цябе ў самой таксама шмат раслінных калекцый. Сіняўскі. // Прыгатаваны, здабыты з раслін. Раслінныя фарбы. Раслінны тлушч.

2. Які жыве на расліне, раслінах. Раслінная тая.

3. З малюнкам, адбіткам раслін. Раслінны ўзор. Раслінны арнамент.

расні́часты, ‑ая, ‑ае.

З раснічкамі.

расні́чкі, ‑чак; адз. раснічка, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Тонкія ніце- або шчацінкападобныя адросткі па паверхні клетак жывёльных арганізмаў.

расні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раснічак.

•••

Раснічныя чэрві гл. чарвяк.

расо́л, ‑у, м.

1. Салёная вада з вострымі прыправамі для засолкі, вымочвання харчовых прадуктаў (агародніны, рыбы і пад.). Заліць расолам грыбы. // Вадкасць з вострымі прыправамі і сокамі засоленых у ёй прадуктаў. Была на стале добрая вячэра: смачная сопкая бульба, квашаная капуста з расолам, кубак малака. Пестрак. Але па звычцы .. [Павел] зайшоў у хату, з’еў некалькі бульбін з гурочным расолам. Ваданосаў.

2. Моцна насычаная солямі прыродная вада. У Палессі гэтыя ж воды вельмі мінералізаваны і нават пераходзяць у моцныя расолы. Прырода Беларусі.

3. Спец. Водны раствор солей, які прымяняецца ў тэхніцы.

расо́льнік, ‑у, м.

Мясны суп з салёнымі агуркамі.

расо́льны, ‑ая, ‑ае.

Прыгатаваны на расоле, з расолам (у 1 знач.). І была ў нас вячэра расольная, Агурочным сняданне было. Бялевіч.

расо́ха, ‑і, ДМ ‑сосе, ж.

Абл. Дрэва, галіна з раздвоеным ствалом; развіліна. Перш за ўсё [хлопцы] прынеслі з лесу дзве расохі і ўбілі іх у зямлю. Чарнышэвіч. Груша цвіла апошні год. Усе галіны яе, усе вялікія расохі, да апошняга пруціка, былі ўсыпаны бурным бела-ружовым цветам. Караткевіч.

расо́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Абл. Памянш. да расоха; невялікая расоха. Умацую кнігу дзе-небудзь у развіліне дрэва, у расошцы, і стаю ці танцую перад ёю, як перад абразом або перад люстэркам. Лужанін.

распавіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да распавіцца.

2. Зал. да распавіваць.