Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэма́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Заўвага, памета на палях (рукапісу, кнігі).

2. Тлумачэнне аўтара да тэксту п’есы (звычайна ў дужках), у якім даецца дадатковая характарыстыка абставін дзеяння, знешняга выгляду або паводзін персанажа. Прыход Лявона на сцэну не суправаджаецца аўтарскай рэмаркай, дзе б указвалася на знешні выгляд героя. Ярош. У рэмарках паведамляюцца звесткі аб паводзінах, пачуццях, інтанацыях, жэстах, знешнім выглядзе дзеючых асоб, аб той абстаноўцы, у якой яны дзейнічаюць. А. Макарэвіч.

рэ́мез, ‑а, м.

Маленькая птушка атрада вераб’іных, якая водзіцца ў Еўропе і Азіі.

рэ́мень, ‑меня і раме́нь, ‑мня, мн. рамяні, ‑ёў; м.

1. Доўгая паласа вырабленай скуры. За плячыма была вялікая паходная сумка, на рэмені вісела стрэльба. Самуйлёнак. Моцна скруцілі Міколу рукі назад, аж уеліся рамяні ў цела. Лынькоў. // Скураны пояс, папруга. Стары туга падпяразваўся рэменем, акуратна заліў сваю бараду і выглядаў куды маладзейшым за свае гады. Шчарбатаў. Кастусь адразу падняўся з зямлі, правёў пальцамі пад рэменем, абцягваючы гімнасцёрку на сваёй тонкай .. паставе. Ваданосаў.

2. Доўгая паласа вырабленай скуры або моцнай тканіны, якая служыць для перадачы руху ад аднаго шківа да другога. Прывадны рэмень.

3. толькі мн. (рамяні́, ‑нёў). Прыстасаванне для ўвязвання і пераноскі ручнога багажу, якое ўяўляе сабой дзве злучэння перамычкай палоскі скуры або моцнай тканіны са спражкамі. А на іншых ложках — яны яшчэ пахлі свежай фарбай, — ляжалі перавязаныя рамянямі клумкі. Шахавец.

рэменяцве́тнік, ‑у, м.

Расліна-паразіт сямейства рэменяцветных.

рэменяцве́тныя, ‑ых.

Сямейства паразітных раслін, да якога адносяцца рэменяцветнік, амяла і пад.

рэмілітарызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэмілітарызаваць.

рэмілітарызава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да рэмілітарызаваць.

рэмілітарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

Падвергнуць (падвяргаць) рэмілітарызацыі. Рэмілітарызаваць краіну.

рэмілітарыза́цыя, ‑і, ж.

Узбраенне раней раззброенай дзяржавы.

[Фр. remilitarisation.]

рэмінісцэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Няясныя ўспаміны; з’ява, якая наводзіць на ўспаміны, на супастаўленне з чым‑н.

2. Адбітак уплыву чыёй‑н. творчасці ў літаратурным, музычным і пад. творы. Ніхто з даследчыкаў спецыяльна пакуль што не вылучаў у самой тканіне паэзіі Багдановіча вобразаў, матываў, нават рэмінісцэнцый з паасобных фетаўскіх вершаў. Лойка.

[Ад лац. reminiscentia — успаміны.]