Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сур’ёзнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан сур’ёзнага. У сур’ёзнасці тону [лесніка] .. пачулася нейкая грозьба. Колас. Тураўцу цяпер кінулася ў вочы недзіцячая сур’ёзнасць хлопца. Мележ. Кібрык паспрабаваў пазбегнуць сур’ёзнасці, якая раптам з’явілася ў застольнай гутарцы. Шыцік.

2. Сур’ёзныя, удумлівыя адносіны да чаго‑н. [Янукевіч:] — Мала яшчэ даём хлеба — гэта самае балючае пытанне, і мы цяпер з усёй сур’ёзнасцю займаемся ім. Хадкевіч.

сур’ёзнець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Рабіцца, станавіцца сур’ёзным. Можна было заўважыць, як пакрысе сур’ёзнеў .. [Чорны], рабіўся негаваркім, усё больш паглыбляючыся ў сябе. Лужанін.

сур’ёзны, ‑ая, ‑ае.

1. Які вызначаецца грунтоўнасцю, станоўчасцю ў сваіх думках, учынках, адносінах да жыцця; удумлівы, паважны. Сцяпан — чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў. Колас. Яго [салдата] манера гаварыць, па-мужчынску стрымана і немнагаслоўна, выдавала ў ім чалавека ўжо сталага і сур’ёзнага. Васілевіч. // Які добра ведае сваю справу, удумліва адносіцца да справы. Сур’ёзны вучоны.

2. Які сведчыць пра ўдумлівасць адносін да чаго‑н.; грунтоўны. Звярнуць сур’ёзную ўвагу на дысцыпліну. □ [Лёдзю], напэўна, палохала ягоная [Цімкі] сталасць, сур’ёзны, як ужо ў мужчын, падыход да ўсяго. Карпаў. // Які заслугоўвае даверу; дадзены ўсур’ёз (пра слова, абяцанне).

3. Важны, значны па тэме, зместу, характару; змястоўны. Сур’ёзная музыка. Сур’ёзная кніга. □ Да сур’ёзных размоў Сцяпан не меў пільнай ахвоты. Дадзіёмаў. // Сапраўдны, непадробны. Сур’ёзнае пачуццё.

4. Які заслугоўвае, патрабуе ўвагі з-за сваёй важнасці, значнасці, складанасці. Сур’ёзная праблема. Прыняць сур’ёзнае рашэнне. □ Што і казаць, становішча сур’ёзнае. Быкаў. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр. — Надта сур’ёзныя тут факты, — гаварыў рэдактар. Даніленка. // Які тоіць у сабе небяспечныя вынікі; небяспечны. Сур’ёзная хвароба. □ Рана была не вельмі сур’ёзная. Шахавец. // Істотны; вялікі; значны. Дасягнуць сур’ёзных поспехаў. □ [Сцяпан Іванавіч:] — У падполлі чатыры байцы — сур’ёзная баявая сіла. Новікаў. Ва універсітэцкім гарадку Парыжа мелі месца сур’ёзныя хваляванні. «Звязда».

5. Заняты якімі‑н. думкамі, засяроджаны; задумлівы, невясёлы. Левановіч насупіўся, зрабіўся сур’ёзны і стаў углядацца ўперад у бярэзнік. Пташнікаў. Дзе ж тут стаць сур’ёзнай, не смяяцца, як наўкол рагоча ўвесь народ!.. Жычка. // Які выказвае задумлівасць, заклапочанасць. Настачка зрабілася маўклівай, твар яе быў сур’ёзны, задуменны. Кавалёў.

сурко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сурка, належыць яму. Сурковая нара. // Зроблены з футра сурка. Сурковы каўнер.

сурма́ 1, ‑ы, ж.

1. Хімічны элемент, серабрыста-белы метал, ужываецца ў тэхніцы і медыцыне. Сплавы сурмы.

2. Уст. Чорная фарба для валасоў, броваў і пад.

сурма́ 2, ‑ы; мн. сурмы, ‑аў; ж.

Старажытны ўкраінскі народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы, які выкарыстоўваўся пераважна як сігнальны. Дзесьці ў шале коні Скачуць перад боем, І ў стэп[е] рыдаюць Сурмы за сялом. Трус.

сурма́ч, ‑а, м.

Сігналіст, які падае сігнал сурмою ​2, грае на сурме; трубач. Здаецца, чую, як падвечар у рог турыны дзьме сурмач. А. Вольскі.

сурмі́цца, сурмлюся, сурмішся, сурміцца; незак.

Уст.

1. Фарбаваць сабе сурмой валасы, бровы і пад.

2. Зал. да сурміць.

сурмі́ць, сурмлю, сурміш, сурміць; незак., каго-што.

Уст. Фарбаваць сурмой.

сурмяні́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае ў сваім складзе сурму ​1 (у 1 знач.); злучаны з сурмой. Сурмяністае срэбра.

сурмя́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сурмы ​1 (у 1 знач.), утрымлівае ў сабе сурму. Сурмяныя руды. Сурмяны блішчак.