суко́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сукна, з’яўляецца сукном. Суконная пража. Суконныя тканіны. □ [Баба:] — А я корціку аснавала шэсць губак... аснова парцяная, а ўток суконны будзе... Нікановіч. // Пашыты з сукна. [Тэкля] была апранута ў чыстую доўгую спадніцу і дабротны суконны сак. Краўчанка. Наперад выйшаў Пракоп у саматканым суконным фрэнчы. Грахоўскі.
2. Які служыць для вырабу сукна або гандлю сукном. Суконная фабрыка. Суконная мануфактура.
3. Які займаецца вырабам сукна або гандлем сукном. Сачыла рупліва бяльмо цыферблата. — Ці добра спіцца суконным магнатам. Панчанка.
4. перан. Невыразны; грубы. Суконная мова. □ Але гэта, відаць, часта бывае з усімі, хто бярэцца за пяро: у галаве носіш тое, што можа ўсхваляваць, запаліць чытача, а як сядзеш пісаць, дык з-пад пяра выходзяць нейкія вялыя, суконныя словы і думкі. Сабаленка. — Ото ж, якая дробязь, — Адказ я пачуў суконны. — Дасць вам даведку робат — Намеснік мой электронны. Макаль.
•••
Суконнае рыла гл. рыла.
суко́ншчык, ‑а, м.
1. Спецыяліст па вырабу сукнаў.
2. Уст. Гандляр сукном або ўладальнік суконнай фабрыкі.
су́кравіца, ‑ы, ж.
Жаўтаватая вадкасць з дамешкай крыві, якая выдзяляецца з пашкоджаных тканак і поласцей цела. З раны на галаве нават і цяпер яшчэ сачылася сукравіца. Машара.
су́кравічны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да сукравіцы. Сукравічныя выдзяленні.
сукры́стасць, ‑і, ж.
Абл. Уласцівасць сукрыстага.
сукры́сты, ‑ая, ‑ае.
Абл. Кучаравы. У сына чорныя сукрыстыя валасы. Галавач.
сукуле́нты, ‑аў; адз. сукулент, ‑у, М ‑нце, м.
Шматгадовыя расліны з тоўстым сакавітым лісцем або сцёбламі, што ўтрымліваюць шмат вады і слізі.
[Лац. succulentus — сакавіты.]
суку́пнасць, ‑і, ж.
Спалучэнне, агульная колькасць, сума чаго‑н. Мова замацоўвае кожную думку паасобку і ўсю сукупнасць думак чалавека. Юрэвіч. Колькасць запазычанай лексікі і яе характар залежаць перш за ўсё ад сукупнасці фактараў гістарычнага, культурнага і сацыяльна-эканамічнага парадку. Жураўскі.
суку́пны, ‑ая, ‑ае.
Аб’яднаны, сумесны, агульны. Сукупныя намаганні.
•••
Сукупны грамадскі прадукт гл. прадукт.