Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сенаўбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

Сельскагаспадарчыя работы па касьбе, сушцы і ўборцы сена. Да сенаўборкі засталося яшчэ крыху часу, і арцельцы даглядалі і палівалі агарод, дараблялі тое, што было не дароблена ў хатах і хлявах. Місько.

сенафура́ж, ‑у, м.

Сена, якое нарыхтавана па корм жывёле. Нарыхтаваць сенафураж.

сенафура́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сенафуражу.

сена́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сената. Сенацкая камісія. // Звязаны з дзейнасцю сената. Сенацкі ўказ.

сенберна́р, ‑а, м.

Парода вялікіх дужых, пераважна даўгашэрсных сабак, якія маюць добры нюх, а таксама сабака гэтай пароды.

[Ад імені манастыра Saint-Bernard у Альпах, дзе гэтую пароду сабак разводзяць для аказання дапамогі падарожнікам у гарах.]

се́нечкі, ‑чак; адз. няма.

1. Разм. Памянш.-ласк. да сені. Калі ў сенечках пачуліся цвёрдыя крокі і ў пакойчык зайшоў змакрэлы старшы лейтэнант, я ведаў, што рабіць. Навуменка.

2. Абл. Кладоўка пры хаце; клець. А некаторыя [настаўнікі] цішком наведваліся ў каморы і сенечкі, дзе мелі свае рэзідэнцыі абранніцы іх сэрца. Колас.

се́нечны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сянец, знаходзіцца ў сенцах. Сенечныя дзверы расчынены, адтуль патыхае пах свежага печыва. Лужанін. Па скрыпучых сенечных маснічынах, якія пахлі і паранай бульбай і мукой, [паліцай і Юля] прайшлі ў хату — яна была адчынена. Сачанка. Стафанковіч.. сарваў з сенечнай вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. Чорны.

сенеша́ль, ‑я, м.

Гіст.

1. У франкскай дзяржаве Меравінгаў — кіраўнік палацавай гаспадаркі.

2. У феадальнай Францыі — службовая асоба, якая ведала юстыцыяй і ваеннымі справамі акругі.

[Фр. sénéchal.]

се́ні, сяней; адз. няма.

Памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах. Кетэ моцна пацягнула.. [Іліко] за руку ў сені і моўчкі адкрыла дзверы ў пакой. Самуйлёнак.

сенніко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сенніка.