Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рэ́пік, ‑а, м.

Род шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных.

рэ́піна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і трэшчына. Рэпіны на скуры. □ Чарнізна сядзіць у глыбокіх звілістых рэпінах, што абвілі пальцы па краях. Савіцкі.

рэпі́тэр, ‑а, м.

Прыбор, які ўзнаўляе на адлегласці паказанні асноўнага прыбора.

[Англ. repeater.]

рэ́піца, ‑ы, ж.

Хваставая частка пазваночніка ў жывёлін. А коннік сядзеў на кані, і дарожны плашч, таксама чорны, падаў з яго плячэй на крыж каня ледзь не па самую рэпіцу хваста. Караткевіч.

рэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Памянш.-ласк. да рэпа.

2. Надкаленная косць.

рэпланта́цыя, ‑і, ж.

Спец. Аперацыя па вяртанню страчанага органа або тканкі арганізма. Рэплантацыя зуба. Рэплантацыя адарванай канечнасці.

[Ад лац. прыстаўкі рэ- і plantare — перасаджваць.]

рэ́пліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

1. Кароткі адказ, заўвага аднаго субяседніка на словы другога. Рабочыя працавалі моўчкі, зрэдку перакідваючыся скупымі рэплікамі. Лынькоў. // Заўвага, пярэчанне, выкрык з месца на сходзе і пад. Сышліся тут розныя групы настаўнікаў. Старэйшыя вялі рэй, а маладыя толькі прыслухоўваліся ды надавалі рэплікі. Колас. — Вы лепей пра кароў скажыце, — кінула рэпліку Вера. Асіпенка. За рэплікі ў бяссільнай злосці старшыня суда загадваў двойчы вывесці Тарашкевіча з судовай залы. Ліс.

2. Элемент сцэнічнага дыялога — адказ дзеючай асобы на словы партнёра, а таксама канец фразы, апошнія словы аднаго персанажа, пасля якіх гаворыць другі. [Настачка], успомніўшы якую-небудзь рэпліку ці жэст артыста, ціха смяялася. Ракітны.

3. Пярэчанне стараны на судовым працэсе. Права апошняй рэплікі заўсёды належыць адказчыку і яго прадстаўніку. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР.

[Фр. réplique.]

рэ́пнік, ‑у, м.

Бацвінне рэпы.

рэ́пніца, ‑ы, ж.

Белы дзённы матылёк сямейства бялянак, вусень якога можа наносіць шкоду агародным і дэкаратыўным раслінам.

рэ́пны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рэпы. Рэпнае поле.