Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раскава́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць раскаванага (у 2 знач.). Заўсёды чалавек імкнуўся да поўнай раскаванасці пачуццяў, якія прыніжаліся, калечыліся ўмовамі рабскай залежнасці, дробнаўласніцкай абмежаванасці. Куляшоў.

раскава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад раскаваць.

2. перан.; у знач. прым. Вызвалены ад акоў (у 2 знач.), вольны, нічым не абмежаваны. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Што гэткае ўстане жыццё прада мною Маё і маёй раскаванай радзімы. Купала. Распірае прожылкі ліста сокам раскаваных нетраў. Арочка. «Зубры», як сімвал раскаванай сілы, На ўсе будоўлі шле працоўны Мінск. Звонак.

раскава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; ‑куёмся, ‑куяцеся; зак.

1. Вызваліцца ад кайданоў, зняўшы іх з сябе. // Вызваліцца ад лёду, снегу. З гор пальюцца перавалы, Раскуюцца рэчкі з шумам. Колас.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згубіць падковы (падкову), вызваліцца ад падкоў. Затое была кузня і знайшлася работа: за вясну раскаваліся коні і пазбіваліся шыны на колах. Чыгрынаў.

раскава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., каго-што.

1. Разбіць, раз’яднаць што‑н., змацаванае коўкай. Эх, каб так раскаваў Петлі ўсе ў ланцугу, — Я б усім паказаў, Як быць вольным магу! Купала.

2. Вызваліць ад кайданоў. Раскаваць рукі. □ — Раскаваць, — сказаў шпік. Таварыша Васіля раскавалі. Пестрак.

3. Вызваліць ад падкоў.

4. перан. Вызваліць ад акоў (у 2 знач.), зрабіць вольным, даць магчымасць поўнасцю праявіцца. Раскаваць ініцыятыву мас. □ [Рэвалюцыя] раскавала сілу народную і ўскалыхнула Беларусь. Перкін. І сябе не пазнаеш самога, Быццам радасць цябе раскавала. Чарнышэвіч. Тытаны творчага духу Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла Буанароці, Рафаэль Санці, Тыцыян, Караваджа паланілі магутнай выяўленчай сілай мастацкага генія, гарманічным увасабленнем сваёй бурлівай эпохі, што раскавала чалавечы розум, сэрца для вялікіх спраў, творчых пошукаў. Ліс.

раскаве́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад раскавяліць.

раскаве́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да раскавяліць.

ра́скавыя, ‑ых.

Сямейства аднадольных дробных раслін, якія жывуць у вадзе.

раскавялі́ць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разм. Рассячы, разваліць, глыбока параніць. Раскавяліць калена. Раскавяліць нагу тапаром.

раскадзі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Спец. Расшыфраваць паведамленне, перададзенае кодам. Раскадзіраваць радыёграму.

раска́з, ‑у, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. расказаць; славеснае паведамленне пра якія‑н. падзеі. Не апошнюю ролю ў .. мабілізацыі васьмі [сялян] адыграў дзедаў расказ аб раззбраенні польскага канвою. Колас. Рыбак стары сядзіць на пні І казачны расказ вядзе... Аб тым, што на сваім жыцці Русалак бачыў ён не раз. І што, гайсаючы ў трысці, Аднойчы тут сам чорт заграз. Смагаровіч.