Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радзі́мка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

Прыродная плямка на скуры чалавека. Зусім блізка, як ніколі, .. [Валерый] бачыў твар Мар’яны, невялічкую радзімку на яе разрумяненай шчацэ, нават прыкмеціў, як на шыі б’ецца, пульсуе жылка. Стаховіч.

радзі́мы, ‑ая, ‑ае.

Нар.-паэт. Родны. І чырвоным сцягам раскінулася па карце радзімая краіна. Шахавец. Васільковы брала [Галя] колер на сваім радзімым полі. Дубоўка. // у знач. наз. радзі́мы, ‑ага, м.; радзі́мая, ‑ай, ж. Ласкавы зварот. Сустракай, радзімая, Мёдам, пірагамі. Броўка.

•••

Радзімая пляма гл. пляма.

радзі́на, ‑ы, ж.

Разм. Радня, сям’я. Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзіны. Караткевіч.

радзі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радзін. Радзінныя песні. Радзінная паэзія.

радзі́ны, ‑дзін; адз. няма.

Нараджэнне дзіцяці. [Алесь] вёў .. [Гелену] так асцярожна, нібы да радзін заставаліся лічаныя дні. Караткевіч. // Сямейнае святкаванне нараджэння дзіцяці. Спраўляць радзіны. □ На радзінах або на вяселлі мужчыны гарэлку п’юць, а бабы — салодкі з хмелем мёд. Мурашка.

радзі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак.

Паведаміць (паведамляць) па радыё. Кожныя тры гадзіны метэаролагі радзіруюць у эфір пра стан надвор’я ў розных раёнах Беларусі. «Маладосць».

ра́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.

1. Прасіць у каго‑н. рады (у 1 знач.). Да Язэпа ішлі радзіцца і свае аднавяскоўцы і людзі з наваколля. Рамановіч.

2. Мець з кім‑н. раду (у 2 знач.); раіцца. Дзед Талаш і Мартын Рыль, расказаўшы адзін аднаму аб сваіх прыгодах, сталі радзіцца, што рабіць далей і куды ісці. Колас.

радзі́цца, раджу́ся, ро́дзішся, ро́дзіцца; зак. і незак.

1. Тое, што і нарадзіцца (нараджацца). І прыйшлося .. [Ігнасю] тады астацца ў хаце, дзе радзіўся і дзе гаспадарыў і паспеў ужо разбагацець брат Макар. Чорны. У сэрцы .. [Аўгіні] радзілася надзея, што сярод уцёкшых з-пад арышту сялян быў і Мартын Рыль. Колас.

2. незак. Даваць ураджай, плады; радзіць (аб раслінах). Сама зямля без гною тлуста, І надта родзіцца капуста: З вядро галоўкі вырастаюць, З трох коп кадушку накладаюць! Колас.

ра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.

1. што, з інф. і без дап. Даваць якую‑н. раду (у 1 знач.); прапанаваць паступіць пэўным чынам; раіць. — Адтуль, адтуль заходзь — там самая рыба ходзіць — радзіць дзед. Лынькоў. Маякоўскі па-сяброўску радзіў не збываць адразу верша з рук: напісаў — замкні яго ў шуфлядзе, як адлежыцца, — судзі, здавай у друк. Таўлай. — А я табе раджу, Пракопавіч, усё ж такі пачытаць крыху агранамічнай літаратуры. Пестрак.

2. каго-што. Прапанаваць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Народная медыцына радзіць палын як сродак ад .. болю пасля ўкусаў крапівы. Дубоўка.

3. Меркаваць, раіцца паміж сабой. Каля платоў сядалі мужыкі. Да ночы там шушукаліся, радзілі. Чэрня.

•••

Раду радзіць — радзіцца, раіцца.

радзі́ць, раджу́, ро́дзіш, родзіць; зак. і незак.

1. каго-што. Тое, што і нарадзіць (нараджаць). Там яе [Марыну] маці радзіла ў хаціне вясковай. Куляшоў. Чаруе рэчачка хлапчынку І родзіць мыслі ў галаве. Колас.

2. незак. Даваць ураджай, быць урадлівай (пра глебу, зямлю). У наваколлі тутэйшых трох вёсак зямля была вельмі няроўная. Дзе вышэй — радзіла добра, дзе ніжэй к балоту — усё ўшчэнт вымакала. Чорны. Спустошаная за гэтыя [ваенныя] гады глеба не хацела радзіць. Шахавец. / у безас. ужыв. — Эх, каб у нас усюды так радзіла, як родзіць у Плоскім!.. Ракітны. // Расці; даваць плады (пра расліны). Поле неблагое, на ім родзяць добрыя ільны. Сабаленка. На бугрыне радзілі чарніцы і падасінавікі, лісіцы ўсцілалі мох. Пташнікаў. — Тут сад вымак, і што ні рабі, то малады не вырасце, а калі і вырасце, то радзіць не будзе. Кулакоўскі.

радзю́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Абл. Дзяружка. Пасярод .. падворка на старых саматканых радзюжках сушылася на сонцы жыта. Арочка. Завуць радзюжкамі дзяружкі У нас здавён. Лойка.

радкава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху рэдкі. Радкаватая тканіна. Радкаватая морква на градах. Радкаваты суп. □ Убачыла [Ганна] бацьку на таку — стаяў .. з асцюкамі ў радкаватых, пабітых ніткамі сівізны валасах. Мележ.