рабаці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Вяснушка. Ён быў знаёмы, гэты хлапец з рабацінкамі на пераноссі. Быкаў.
рабаці́нне, ‑я, н.
1. зб. Разм. Вяснушкі. — А, Хадзюля! Канаплянка! — прамовіў .. [Яўхім] весела, падсмейваючыся з яе твару, абсеянага, як канапляным насеннем, рабаціннем. Мележ. // Ямкі, шчарбіны на скуры пасля воспы. Грубаваты, пабіты рабаціннем твар [Рогача], асветлены натхненнем, цяпер прыгожы. Савіцкі. // Аб рабой афарбоўцы чаго‑н. На дне гнязда ляжала пяць блакітных яечак, абсыпаных рабаціннем. Капыловіч. [Петрык] шпарка камячыў у нецярплівых руках стужку [тэлеграмы], быццам злізваючы з яе рабацінне літар. Шынклер.
2. Рабізна на паверхні вады. Вада нібы ўскіпвала і яе чыстая, як люстра, паверхня пакрывалася частым-частым рабаціннем. Лынькоў. Падзьмуў ветрык, пусціў па вадзяному люстэрку рабацінне. Шыцік.
рабаці́ць, ‑ціць; незак.
1. што. Пакрываць рабаціннем (у 2 знач.), рабізной (у 2 знач.). Вуліца падсохла за ноч, толькі дзе-нідзе слабы ветрык злёгку рабаціў плыткія лужыны. Адамчык.
2. Выклікаць адчуванне рабізны, стракатасці ў вачах. Ад .. ветру разам ускалыхваўся арэшнік і рабаціў уваччу. Гартны.
рабаця́га, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑цязе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Разм. Старанны, шчыры праціўнік. Партрэты, артыкулы, нарысы аб ім, магчыма, іншы раз і вочы мулялі чытачу — такім папулярным быў Дабрынін, і радавала тое, што ён не фанабэрыўся, а заставаўся цягавітым рабацягам. Сіўцоў. — А што там геройскага? — запратэставала маці. — Просты рабацяга. Такія ж мазалі на руках, як ва ўсіх нас... Мыслівец. / у перан. ужыв. У сяле Верхняя Алба на плоце адной непрыкметнай хаты заўсёды вісела на калу вядро або звычайны рабацяга гліняны гаршчок. Васілевіч.
рабаця́шчы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Шчыры ў рабоце; працавіты. Дзядзька наш — пажылы, рабацяшчы, часамі нават вясёлы мужчынка. Брыль.
рабе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
1. Станавіцца рабым (у 1 знач.).
2. Здавацца рабым ад наяўнасці чаго‑н. рознакаляровага. Бірка .. ажно рабела ад значкоў. Бядуля.
рабізна́, ‑ы, ж.
1. Уласцівасць рабога. Брычка аддалялася. Рабізна сонечных плям скакала па ёй, па конях, па людзях, якіх нельга ўжо было адрозніць адзін ад аднаго. Караткевіч.
2. Лёгкае хваляванне воднай паверхні. Ад лёгкага ветрыку на возеры прабягае дрыготкая рабізна. Броўка.
ра́бін, ‑а, м.
Служыцель культу, духоўны кіраўнік веруючых у яўрэйскай рэлігійнай абшчыне.
[Ад стараж.-яўр. rabbi — настаўнік мой.]
рабі́на, ‑ы, ж.
1. Дрэва сямейства ружакветных, на якім гронкамі растуць аранжава-чырвоныя ягады. Рабіна ля школы звесіла свае багатыя ярка-чырвоныя гронкі. Кавалёў.
2. часцей мн. (рабі́ны, ‑ін). Ягады гэтага дрэва. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны. Чорны.
•••
Чарнаплодная рабіна — куст сямейства ружакветных, які дае плады ў выглядзе вялікіх чорных ягад.
рабі́навы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рабіны. Рабінавы гай. Рабінавы кій. □ Дадому вярталіся Ганька з цёткай Фядорай ужо на захадзе сонца. Пані Юля і дзеці правялі іх да канца рабінавай алеі. Васілевіч. // Прыгатаваны з рабін, з рабінамі. Рабінавы сок. Рабінавая настойка.
2. Які нагадвае сабой колер ягад рабіны; аранжава-чырвоны. Рабінавы колер.
•••
Рабінавая ноч гл. ноч.