Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

невыме́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не паддаецца вымярэнню, вельмі вялікі. Я пераводжу позірк на акно. За ім — невымерная глыбіня чыстага неба, ажно ўваччу балюча робіцца ад яго яркай блакітнасці. Шамякін. Калі Дзямід Сыч вярнуўся па папялішча роднай вёскі, сэрца яго ўздрыганулася ад невымернай жальбы. Паслядовіч.

невымо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які цяжка выказаць, перадаць словамі. Жыве яна, песня, тугою і верай, жыве невымоўным, да слёз хвалюючым сумам спрадвечная, і неўміручай паэзіі, проста сама для сябе. Брыль. Невымоўнае, ласкай і адданасцю свяціліся.. [Верыны] светлыя вочы. Машара.

невыно́сны, ‑ая, ‑ае.

Які цяжка, немагчыма вынесці; нясцерпны. Невыносны сум. Невыносная гарачыня. □ Невыносны боль працінае плечы, тулава. «Беларусь». Фіскалам і даносчыкам стваралі такія невыносныя ўмовы жыцця, што яны мімаволі павінны былі пакідаць семінарыю. Сяргейчык.

невыпадко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які адбыўся, узнік наўмысна. Слоў Ігнась не разумее, але па галасах можна пазнаць, што .. [сварка] ўпартая і невыпадковая. Чарнышэвіч.

невыра́знасць, ‑і, ж.

Уласцівасць невыразнага. Невыразнасць літар. Невыразнасць мэты. □ Нехарактэрнасць і мастацкая невыразнасць — вось адзнакі многіх сучасных баечных твораў. Казека.

невыра́зны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, у якім дэталі, моманты вылучаюцца няярка, неяскрава. Андрэй Міхайлавіч бачыў усё, як праз сіта, і таму постаці людзей былі невыразнымі. Самуйлёнак. Хутка поўнач. Дзядуля спіць... У кутах — Невыразныя цені. Лявонны. Дзесьці з-за лесу, нарастаючы і ўзмацняючыся, набліжаўся невыразны шум... Ваданосаў. // Не зусім яскравы; цьмяны. На дарогах і ў нізінах цямнеюць мутныя лужыны халоднай дажджавой вады. А над усім гэтым панурым, невясёлых, пейзажам такое ж шэрае невыразнае неба. Ігнаценка. Як даўні сон, успамінаю трывожныя крыкі, невыразны бляск аўтамабільных фар. Жычка.

2. Не зусім зразумелы; няпэўны. Я падыходзіў да.. [вёскі] з невыразным пачуццём смутку і болю. Лупсякоў. Палонны спыніўся ля крайняй прыступкі, зрабіў невыразны жэст рукой — нешта падобнае на прывітанне. Казлоў.

3. Выказаны недакладна, няясна. Невыразныя думка. Невыразны адказ. □ Галілей муркнуў у невыразным тоне: — Кхе-кхе... Маладосць!.. Зарэцкі.

невыраша́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць невырашальнага. Невырашальнасць задачы.

невыраша́льны, ‑ая, ‑ае.

Які не паддаецца вырашэнню, які нельга вырашыць; вельмі складаны. Невырашальнае пытанне. Невырашальная праблема.

невысакаро́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць невысакароднага. Невысакароднасць ўчынку.

невысакаро́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не вызначаецца высокімі маральнымі якасцямі. Невысакародны чалавек. // Уласцівы такому чалавеку. Невысакародныя паводзіны.

•••

Невысакародныя металы гл. метал.