невыра́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, у якім дэталі, моманты вылучаюцца няярка, неяскрава. Андрэй Міхайлавіч бачыў усё, як праз сіта, і таму постаці людзей былі невыразнымі. Самуйлёнак. Хутка поўнач. Дзядуля спіць... У кутах — Невыразныя цені. Лявонны. Дзесьці з-за лесу, нарастаючы і ўзмацняючыся, набліжаўся невыразны шум... Ваданосаў. // Не зусім яскравы; цьмяны. На дарогах і ў нізінах цямнеюць мутныя лужыны халоднай дажджавой вады. А над усім гэтым панурым, невясёлых, пейзажам такое ж шэрае невыразнае неба. Ігнаценка. Як даўні сон, успамінаю трывожныя крыкі, невыразны бляск аўтамабільных фар. Жычка.
2. Не зусім зразумелы; няпэўны. Я падыходзіў да.. [вёскі] з невыразным пачуццём смутку і болю. Лупсякоў. Палонны спыніўся ля крайняй прыступкі, зрабіў невыразны жэст рукой — нешта падобнае на прывітанне. Казлоў.
3. Выказаны недакладна, няясна. Невыразныя думка. Невыразны адказ. □ Галілей муркнуў у невыразным тоне: — Кхе-кхе... Маладосць!.. Зарэцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)