збо́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. збіраць — сабраць (у 6 знач.); злучэнне частак механізмаў, канструкцый і пад. для атрымання гатовага вырабу. Зборка станка. Зборка дома. Працэс зборкі.
збо́рка 2, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Складка на адзежыне, матэрыяле. Спадніца ў зборкі. □ Змітрок расшпіліў каўнер, разгладзіў зборкі кужэльнай вышыванай кашулі. Бажко.
збо́рлівасць, ‑і, ж.
Абл. Уласцівасць зборлівага. [Міхал:] — Мая зборлівасць табе не па душы? Ты хочаш, паб у чорную гадзіну і дзіця зайшлося, за душой нічога не меўшы? Чорны.
збо́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Абл. Ашчадны, запаслівы. — Я хоць у .. кішэню [Гушкі] не глядзеў, але думаю, што ён сабраў крыху. Ён зборлівы чалавек. І працавіты. Чорны.
збо́рнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць зборнага (у 2, 5 знач.).
2. Здольнасць абазначаць сукупнасць прадметаў або асоб як адзінае цэлае.
збо́рнік, ‑а, м.
1. Кніга, у якой сабраны якія‑н. літаратурныя творы, матэрыялы, дакументы і пад. Зборнік вершаў. Зборнік апавяданняў. Зборнік матэрыялаў з’езда. Зборнік архіўных дакументаў. // Вучэбны дапаможнік, у якім сабраны задачы і практыкаванні па якім‑н. прадмеце. Зборнік задач па алгебры. Зборнік практыкаванняў па беларускай мове.
2. Спец. Рэзервуар для збору якой‑н. вадкасці або газу.
збо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца месцам збору, збірання каго‑н. Зборны пункт. □ У воласці, у зборным пакоі, калі зайшоў туды Тарэнта, каля стала цэлым натоўпам стаялі сяляне. Галавач. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. У дарэвалюцыйнай вёсцы — памяшканне, плошча, дзе рабіліся сходы грамады. Настаўнікі пераступілі парог і апынуліся на зборнай. Зборная была прасторная, як абора. Колас.
2. Пабудаваны, сабраны з гатовых асобных частак, блокаў і пад. Зборныя канструкцыі. Зборны дом. // Які служыць для зборкі такіх збудаванняў, канструкцый. Зборныя дэталі. Зборны жалезабетон. // Заснаваны на прымяненні метаду зборкі асобных гатовых частак. Зборнае будаўніцтва.
3. Састаўлены з разнародных частак, прадметаў. Зборная мэбля. □ Вялікае селішча мела падабенства .. да зборных выселак. Чорны.
4. Які складаецца з асоб, сабраных з розных месц, арганізацыя. Зборная каманда. Зборны аркестр. □ Публіка была зборная і разнастайная, мяшчанская і абывацельская. Гартны. // у знач. наз. збо́рная, ‑ай, ж. Спартыўная каманда, якая складаецца з лепшых спартсменаў розных каманд. Зборная СССР. Зборная Мінска па валейболу.
5. Які абагульняе характэрныя прыметы шэрагу аднародных прадметаў, з’яў і пад. Зборны літаратурны вобраз.
6. У граматыцы — які абазначае сукупнасць, колькасць прадметаў або асоб, што ўспрымаюцца як адзінае цэлае. Зборныя назоўнікі. Зборныя лічэбнікі.
збо́рня, ‑і, ж.
Разм.
1. Сход, сходка; зборышча. Зборня ўнялася і перайшла да звычайных разважанняў, жартаў, смеху і піскаў. Гартны.
2. Уст. Памяшканне, дзе адбываліся сходы грамады; зборная. На ганку перад зборняю спаткаў Лабановіча валасны стораж дзед Піліп. Колас.
збо́ршчык, ‑а, м.
1. Той, хто займаецца зборам чаго‑н. Зборшчык членскіх узносаў. Зборшчык подпісаў.
2. Рабочы, які займаецца зборкай 1. Брыгада зборшчыкаў. Слесар-зборшчык.
збо́рышча, ‑а, н.
Разм.
1. Вялікі натоўп людзей. [Стары] паварочваецца, аглядае зборышча, затрымлівае позірк на цыганцы, што плача. Лупсякоў.
2. Сход, сходка для сумеснай работы, сумеснага адпачынку і пад. Алесь Баравік, хаця на заводзе быў навічок, ужо ведаў пра гэтыя традыцыйныя маладзёжныя зборышчы. Шыцік. [Сымон:] Скажыце ж мне хоць: нашто гэта зборышча склікаецца? Купала.