Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

рашы́ць, рашу́, рэ́шыш, рэ́шыць; зак.

1. з інф. і з дадан. сказам. Пасля раздумвання, меркавання прыйсці да якога‑н. выніку, заключэння. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры. Лынькоў. [Талаш:] — Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. Колас. [Сёмка:] — А мы з Петрусём ужо прачакаліся цябе і рашылі, што ты не прыйдзеш. Гартны.

2. з інф. і з дадан. сказам. Вынесці, прыняць рашэнне адносна каго‑, чаго‑н. [Чарнавус:] — Людзі самі рашылі: Глінскаму быць старшынёй, а мне ісці ў пастухі або ў вартаўнікі. Кулакоўскі.

3. што. Знайсці неабходны адказ, вызначыць невядомае. Рашыць красворд. Рашыць ураўненне. Рашыць арыфметычную задачу. // што. Вырашыць, ажыццявіць. Рашыць праблему. □ Як рашыць такую цяжкую задачу, што трэба зрабіць, каб тутэйшыя пяскі хоць трохі лепш, радзілі? Кулакоўскі.

4. што. Разм. Патраціць, расходаваць што‑н. нажытае. [Бабейка:] — У даўгі залез па самыя вушы, каб вы ведалі. Рашыць астатні набытак прыйдзецца. Хадкевіч. [Гальвас] быў непрактычны абібок. І каб на яго рукі ўсё асталося, ён рашыў бы маёнтак за адзін год. Чорны.

•••

Рашыць жыцця — забіць.

рашэ́нне, ‑я, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рашаць — рашыць (у 1–3 знач.).

2. Заключэнне, вывад, намер зрабіць што‑н. і пад., да якога прыходзяць пасля абдумвання, абмеркавання. Камандзір прыняў смелае рашэнне... — Зняць аўтаматчыкаў! Ісці да вёскі лесам. Шамякін. Не маладушнічаць, а памерці з высока ўзнятай галавой, як і належыць савецкаму чалавеку, — прыйшло выразнае і канчатковае рашэнне. Шчарбатаў.

3. Пастанова. Рашэнне суда. Рашэнні з’езда.

4. Адказ да задачы, красворда і пад.

•••

Саламонава рашэнне — мудрае рашэнне якога‑н. спрэчнага, складанага пытання.

рашэ́тнік, ‑а, м.

Ядомы грыб карычневага колеру з сятчастай з-пад нізу шапкай.

рашэ́ціна, ‑ы, ж.

Планка, перакладзіна ў рашотцы. На гумне высокі азярод. У дзірках рашэцін свішча .. вецер. Галавач.

рашэ́цісты, ‑ая, ‑ае.

У анатоміі — з вялікай колькасцю адтулін. Рашэцістая косць.

рашэ́ціць, ‑шэчу, ‑шэціш, ‑шэціць; незак., каго-што.

Прабіваць, рабіць дзіркі ў многіх месцах. Юрка дзесьці дастае патроны і пасля трох «законных» рашэціць мішэнь сваімі. Жычка. [Ворагаў] рашэцілі кулямі ва ўпор, даганялі, білі наводмаш прыкладамі. Навуменка.

раява́ць, раюю, раюеш, раюе; незак.

Абл. Жыць вельмі добра, без турбот, без клапот, як у раі. [Сын:] — Дроў табе — дзве машыны прыпру!.. Усю зіму раяваць будзеш. Ракітны.

раялі́зм, ‑у, м.

Кніжн. Прыхільнасць да каралеўскай улады.

[Фр. royalisme.]

раялі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Кніжн. Прыхільнік каралеўскай улады.

[Фр. royaliste.]

раялі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Кніжн. Жан. да раяліст.