рашы́ць, рашу́, рэ́шыш, рэ́шыць; зак.
1. з інф. і з дадан. сказам. Пасля раздумвання, меркавання прыйсці да якога‑н. выніку, заключэння. Каб не папасціся пад гарачую руку немцам, Міколка з дзедам рашылі перасядзець у лесе ночы са тры. Лынькоў. [Талаш:] — Я, таварышы, рашыў падараваць вепра вам, чырвоныя ваякі. Колас. [Сёмка:] — А мы з Петрусём ужо прачакаліся цябе і рашылі, што ты не прыйдзеш. Гартны.
2. з інф. і з дадан. сказам. Вынесці, прыняць рашэнне адносна каго‑, чаго‑н. [Чарнавус:] — Людзі самі рашылі: Глінскаму быць старшынёй, а мне ісці ў пастухі або ў вартаўнікі. Кулакоўскі.
3. што. Знайсці неабходны адказ, вызначыць невядомае. Рашыць красворд. Рашыць ураўненне. Рашыць арыфметычную задачу. // што. Вырашыць, ажыццявіць. Рашыць праблему. □ Як рашыць такую цяжкую задачу, што трэба зрабіць, каб тутэйшыя пяскі хоць трохі лепш, радзілі? Кулакоўскі.
4. што. Разм. Патраціць, расходаваць што‑н. нажытае. [Бабейка:] — У даўгі залез па самыя вушы, каб вы ведалі. Рашыць астатні набытак прыйдзецца. Хадкевіч. [Гальвас] быў непрактычны абібок. І каб на яго рукі ўсё асталося, ён рашыў бы маёнтак за адзін год. Чорны.
•••
Рашыць жыцця — забіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)