Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раўці́, раву, равеш, раве; равём, равяце; пр. роў, раўла, ‑ло; незак.

1. Утвараць гук рову (пра жывёл). Пачуўшы людскую гамонку, бык стаў раўці, ён высока падкідаў капытамі зямлю. Гурскі. Дзіка раўлі ў пунях каровы, іржалі і кідаліся коні, але навасёлкаўцы, што збегліся на пажар, баяліся падступіцца да будынкаў. Шчарбатаў. // перан. Утвараць моцныя, працяглыя гукі, падобныя на роў жывёл. У камінах вятры раўлі да рання. Астрэйка. Машына раўла, аж дрыжала, бо ступня ўсё яшчэ нейкім чынам ціснула на газ. Кулакоўскі.

2. Разм. Моцна гаварыць, пець, крычаць. — Хутчэй, хутчэй! — крычаў .. [камендант]. — Я навучу вас паважаць германскую армію! Я... Я... — ужо роў ён. Лынькоў. — Вон! — раз’юшана раве ўраднік. Сяргейчык.

3. Разм. Моцна плакаць. — Хлопец суседскі нос расквасіў і раве. Савіцкі. Стаю і раву, як маленькі... Цётка таксама стаіць і не ведае, што рабіць. Васілевіч.

•••

Роўма раўці — вельмі моцна раўці, плакаць.

раўчаві́на, ‑ы, ж.

Абл. Роў, равок. Мінуўшы панскі двор са старасвецкім паркам, з будынінамі, пачарнелымі ўжо ад часу, дарога апошні раз спусцілася з горкі ў шырокую раўчавіну, заросшую дробным алешнікам. Колас.

раўча́к, ‑а, м.

Тое, што і раўчук. У адным месцы ўздоўж пераразаў .. [даліну] амаль высахлы, глеісты на дне раўчак. Мележ. Залеглі ў полі супастаты, Растуць акопы, раўчакі. Колас.

раўчу́к, ‑а, м.

1. Невялікі ручай. У некалькіх кроках ад .. [Грыся] ціха гаманіў раўчук, бегучы з лесу ў раку. Кулакоўскі. Пад нагамі заскрыпелі дошкі маленькага мосціка праз раўчук. Шамякін.

2. Невялікі равок. Дворык свой [Фёдар] заліў цэментам з раўчукамі для сцёку вады. Ракітны.

раўчукава́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Пакрыты раўчукамі. Раўчукаватая мясціна.

рафінава́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які служыць для рафінавання. Рафінавальная печ.

рафінава́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па рафінаванню.

рафінава́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да рафінавальшчык.

рафінава́насць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць рафінаванага (у 3 знач.). Рафінаванасць густаў.

рафінава́нне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. рафінаваць.