Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

разві́лісты, ‑ая, ‑ае.

З развілінай. Развілісты сук.

разві́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

1. Месца, дзе што‑н. разгаліноўваецца, разыходзіцца (звычайна на дзве часткі). [Бусел] аблюбаваў зручную развілку метраў на пятнаццаць ад зямлі, пачаў цягнуць туды галлё і рабіць гняздо. Самусенка. Мы ляжалі на зялёнай мураве непадалёку ад развілкі дарог, дзе стаяць слупы з указальнікамі. Навуменка. Вёска ляжала ў развілцы дзвюх гразкіх і балотных рачулак. Танк.

2. Месца, дзе разыходзяцца дарогі, вуліцы і пад. Па Маскоўскай вуліцы аўтобус нырнуў пад Заходні мост, затрымаўся на развілцы і рушыў прама. Новікаў. — Дойдзеш да развілкі на Ружанскай шашы, чакай. Карпюк.

развіна́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да развінуцца.

развіна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да развінуць.

развіну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад развінуць.

развіну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Тое, што і разгарнуцца (у 1, 3, 4–6 знач.). Белыя пялёсткі .. яшчэ развінуліся слаба, сярэдзіна кветкі была закрыта. Савіцкі. Перад вачыма .. [Алеся] развінулася бязмежная сенажаць. Броўка. [Вераніка:] — Трэба яго з будана неяк вынесці. Тут няма дзе развінуцца. Чыгрынаў.

развіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм. Тое, што і разгарнуць (у 1, 3–5 знач.). [Ганна Сымонаўна] развязала стужачку, развінула паперу. Дубоўка. Фёдар адразу развінуў бурную дзейнасць. Ён паказаў сябе чалавекам напорыстым і ўчэпістым. Кірэенка.

развінці́цца, ‑вінчуся, ‑вінцішся, ‑вінціцца; зак.

1. Адпусціцца, адвінціцца (аб чым‑н. завінчаным або звінчаным). Часткі прыбора развінціліся.

2. перан. Разм. Стаць нявытрыманым, аслабець маральна і фізічна. Горбікаў сумеўся, адклаў відэлец, узяў нож. — Нервы развінціліся, браток. Хворы я зусім, — спрабаваў ён апраўдацца, напаўняючы шклянкі. Дудо. // Стаць непаслухмяным, свавольным; распусціцца. Дзеці развінціліся.

развінці́ць, ‑вінчу, ‑вінціш, ‑вінціць; зак., што.

Разняць, разабраць што‑н. звінчанае. Развінціць рэйкі. □ Плуг даўно валяўся на ферме, пакуль яго не развінцілі і не расцягнулі. Пташнікаў.

разві́нчанасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан развінчанага. Развінчанасць нерваў.