Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

раёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Раённая газета. — Ты, Пятро Мінавіч, нібы газет не чытаеш, — перапыніў яго на гэты раз Савіцкі. — Толькі ж учора ў раёнцы быў змешчаны зварот калгаснікаў «Змагара». Шамякін.

раённы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да раёна (у 3 знач.), належыць яму. Раённы цэнтр. Раённая газета. □ Хвалюецца і нават злуецца начальнік раённай міліцыі Сушко. Колас. Днямі меўся адбыцца раённы агляд мастацкай самадзейнасці. Асіпенка.

раёўня, ‑і; Р мн. раёвень; ж.

Абцягнутая тканінай лубянка, у якую збіраюць пчаліны рой для перасадкі ў новы вулей. [Бацька] узяў дымар, раёўню і хутка пайшоў, крыху прыпадаючы на левую нагу. Кулакоўскі.

ра́жанка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.

Топленае неразведзенае малако, заквашанае смятанай.

ра́жачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш. да ражка; невялікая ражка. — Скажыце, .. гэта не вы на тым тыдні прывозілі з Хлюпіч прадаваць цабры і ражачкі? Брыль.

ра́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

Драўляная пасудзіна ў выглядзе цэбрыка з ручкай, прызначаная для розных гаспадарчыя патрэб (зліваць ваду, даваць корм жывёле). [Леначка] спаласнула ў ражцы рукі і на цыпках .. абыйшла Антона Васільевіча. Паслядовіч. — Хто гэта парсюку ўчора мяшаў? — буркнула старая, глянуўшы ў ражку, у якой на дне было са жменьку .. свіной яды. Крапіва.

ражко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ражка ​1 (у 2, 4 знач.).

•••

Ражковае дрэва гл. дрэва.

ражо́к 1, ‑жка; мн. рожкі, ‑жак і ражкі, ‑оў; м.

1. мн. рожкі, ‑жак. Памянш. да рог ​1; маленькі рог. Авечыя рожкі.

2. мн. ражкі, ‑оў. Назва рознага роду духавых музычных або сігнальных інструментаў; гук такога інструмента. У .. [кансерваторыі] навучаюцца ігры на скрыпцы, флейце .., англійскім ражку. «Маладосць». Здалёку пачуўся ражок пастуха. Гамолка. Толькі сюд-туд зрэдку чуліся далёкія гудкі маняўровых паравозаў ды даносіліся з захаду прыглушаныя гудкі ражкоў стрэлачнікаў. Васілёнак.

3. мн. ражкі, ‑оў. Прадмет у выглядзе рога ​1. Уласна кажучы, у Курта думак ніякіх не было; ён ляжаў у акопе, як адзервянелы, націскаў пальцам на спускавы кручок аўтамата, спаражняючы ражок за ражком. Сабаленка. І сапраўды, на стале стаяла чорная прамавугольная скрыначка з двума ражкамі, на якіх ляжала тэлефонная трубка. Васілёнак.

4. мн. ражкі, ‑оў. Плод ражковага дрэва ў выглядзе струка.

5. толькі мн. (ражкі́, о́ў). Спарыння.

6. толькі мн. (ражкі́, о́ў). Харчовы прадукт у выглядзе коратка нарэзанай макароны.

7. мн. ражкі, ‑оў. Лапатачка для надзявання абутку.

•••

Брацца ў рожкі гл. брацца.

Звесці ў рожкі гл. звесці.

Рожкі ды ножкі — нічога, амаль нічога (не пакінуць, не застацца ад каго‑, чаго‑н.).

ражо́к 2, ‑жка; мн. ражкі, ‑оў; м.

Памянш. да рог ​2 (у 1 знач.). Выціраючы ражком хусткі вочы, хлюпаючы, як дзіця, Арына стала расказваць. Мележ. — «Адмовіць» напісана тут, — прачытаў Петручок сакратарскую рэвалюцыю на ражку дзедавай скаргі. Якімовіч.

ражо́н, ‑жна, м.

Завостраны кій. З тонкім нечалавечым віскам кідаецца [Цімафей Міронавіч] у качарэжнік, хапае там нейкі ражон і замахваецца ім на жонку. Зарэцкі. // Драўляны ці металічны стрыжань, на якім смажаць мяса, сала над агнём. Канапасы пяклі бульбу, смажылі на ражнах сала. Чарнышэвіч. Оція Гвічыя, які выстругваў ражны, намерваючыся смажыць свой паляўнічы трафей, пакінуў работу. Самуйлёнак.

•••

Лезці (перціся) на ражон гл. лезці.

ражо́нчык, ‑а, м.

Памянш. да ражон; невялікі ражон. Калі катораму маці дасць у торбачку сала, то гэтае сала разразалі папалам і пяклі яго на ражончыках. Колас. Неўзабаве весела гарэў сушняк, сквірчэла і капала на ражончыках сала. Брыль.