ражо́к 1, ‑жка; мн. рожкі, ‑жак і ражкі, ‑оў; м.

1. мн. рожкі, ‑жак. Памянш. да рог 1; маленькі рог. Авечыя рожкі.

2. мн. ражкі, ‑оў. Назва рознага роду духавых музычных або сігнальных інструментаў; гук такога інструмента. У .. [кансерваторыі] навучаюцца ігры на скрыпцы, флейце .., англійскім ражку. «Маладосць». Здалёку пачуўся ражок пастуха. Гамолка. Толькі сюд-туд зрэдку чуліся далёкія гудкі маняўровых паравозаў ды даносіліся з захаду прыглушаныя гудкі ражкоў стрэлачнікаў. Васілёнак.

3. мн. ражкі, ‑оў. Прадмет у выглядзе рога 1. Уласна кажучы, у Курта думак ніякіх не было; ён ляжаў у акопе, як адзервянелы, націскаў пальцам на спускавы кручок аўтамата, спаражняючы ражок за ражком. Сабаленка. І сапраўды, на стале стаяла чорная прамавугольная скрыначка з двума ражкамі, на якіх ляжала тэлефонная трубка. Васілёнак.

4. мн. ражкі, ‑оў. Плод ражковага дрэва ў выглядзе струка.

5. толькі мн. (ражкі́, о́ў). Спарыння.

6. толькі мн. (ражкі́, о́ў). Харчовы прадукт у выглядзе коратка нарэзанай макароны.

7. мн. ражкі, ‑оў. Лапатачка для надзявання абутку.

•••

Брацца ў рожкі гл. брацца.

Звесці ў рожкі гл. звесці.

Рожкі ды ножкі — нічога, амаль нічога (не пакінуць, не застацца ад каго‑, чаго‑н.).

ражо́к 2, ‑жка; мн. ражкі, ‑оў; м.

Памянш. да рог 2 (у 1 знач.). Выціраючы ражком хусткі вочы, хлюпаючы, як дзіця, Арына стала расказваць. Мележ. — «Адмовіць» напісана тут, — прачытаў Петручок сакратарскую рэвалюцыю на ражку дзедавай скаргі. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)