Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радыя́тарны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радыятара. Радыятарная ўстаноўка. Радыятарны завод.

радыяўсто́йлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць радыяўстойлівага.

радыяўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Устойлівы да радыяцыі.

радыяхі́мія, ‑і, ж.

Раздзел хіміі, які вывучае фізіка-хімічныя і хімічныя ўласцівасці радыеактыўных рэчываў, а таксама метады іх вылучэння, канцэнтравання і ачысткі.

радыяцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радыяцыі, звязаны з ёю. Радыяцыйная энергія. Радыяцыйнае выпрамяненне. Радыяцыйная бяспека.

радыя́цыя, ‑і, ж.

Выпрамяненне электрамагнітных хваль. Радыяцыя зямлі. □ У ясны дзень галоўная роля належыць прамой сонечнай радыяцыі, а пры больш або менш суцэльнай воблачнасці — рассеянай. Прырода Беларусі. // Электрамагнітныя хвалі, выпрамененыя якой-небудзь крыніцай. Вымярэнне радыяцыі. Доза радыяцыі. □ Упершыню нябачны агонь радыяцыі апёк рукі адважнай даследчыцы атама Марыі Складоўскай-Кюры. «Маладосць».

[Лац. radiatio — выпрамяненне.]

рае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. раіцца.

рае́шнік, ‑а, м.

1. Акцёр, які паказвае раёк ​1 (у 1, 2 знач.).

2. Рыфмаваны, пераважна сатырычны маналог на злабадзённую тэму. Часта мы працавалі разам, выкарыстоўваючы формы раешніка і прыпеўкі. Лужанін.

раёк 1, райка́, м.

1. Скрынка з павелічальным шклом для разглядвання малюнкаў, а таксама паказ такіх малюнкаў на кірмашах XVIII–XIX стст., які суправаджаўся жартоўнымі тлумачэннямі.

2. Уст. Лялечны тэатр.

3. Уст. Верхні ярус глядзельнай залы ў тэатры.

раёк 2, райка́, м.

1. Памянш.-ласк. да рой. Саўка ўжо тады прыкінуў: раёк нішто сабе.. Свае пчолы, свой мёд... Сачанка.

2. Ячэйка ў вуллі для вывядзення пчалінай маткі.

раёк 3, райка́, м.

Абл. Радужная абалонка вока. Але самыя дзіўныя былі [Раўбічавы] вочы: халодныя, карыя, з такімі пашыранымі зрэнкамі, што райка, здаецца, зусім не было. Караткевіч.

раён, ‑а, м.

1. Частка тэрыторыі, якая складае адзінае цэлае ў якіх-небудзь (эканамічных, геаграфічных і пад.) адносінах. Прамысловы раён. Раёны крайняй Поўначы. // Частка населенага пункта, вызначаная паводле якіх‑н. прыкмет. Рабочы раён. Жылы раён. Заводскі раён.

2. Месца, прастора, у межах якіх адбываецца якое‑н. дзеянне або на якое распаўсюджваецца дзеянне чаго‑н. Раён абследавання. Раён затаплення. Раён дзеяння партызанскай брыгады. // чаго. Месца, якое прылягае да чаго‑н., размешчанае вакол чаго‑н. Жыць у раёне вакзала. □ Вялікую перспектыву для беларускай хімічнай прамысловасці адкрываюць буйныя запасы нафты ў раёне Рэчыцы. «Звязда».

3. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў СССР у складзе вобласці, краю, рэспублікі, аўтаномнай вобласці, аўтаномнай акругі або ўнутры вялікага горада. Эльбрускі раён Кабардзіна-Балкарскай АССР. Фрунзенскі раён горада Мінска. □ Бумажковы абсталяваліся жыць у Дрыбінскім раёне, у вёсцы Куляшова, Чарняўскага сельсавета. Чорны. // Разм. Адміністрацыйны цэнтр, галоўныя ўстановы такой адзінкі дзяржаўнай тэрыторыі. [Старшыня:] — Я сёння ў раён падскочу з Авяр’янам. Райком выклікае. Пасяўная падыходзіць. Пташнікаў. [Апанаса] паслалі ў раён на курсы механікаў і трактарыстаў. Кавалёў. // Разм. Пра сельскую мясцовасць. Працаваць на раёне. □ За трыма суседнімі столікамі сядзелі мужчыны і хлопцы, вопратка якіх сведчыла, што яны з раёна, з вёскі. Навуменка.

[Фр. rayon.]