Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

радыягра́фія, ‑і, ж.

1. Фатаграфічны метад рэгістрацыі іанізуючых выпрамяненняў.

2. Метад атрымання фатаграфічных адбіткаў у выніку ўздзеяння на плёнку выпрамяненняў радыеактыўных элементаў.

[Ад слова радый і грэч. graphō — пішу.]

радыяло́гія, ‑і, ж.

Навука, прадметам вывучэння якой з’яўляецца тэорыя і практыка выкарыстання крыніц іанізуючых выпрамяненняў для дыягностыкі і лячэння захворванняў. Кафедра радыялогіі. □ У практыку работы медыцынскіх устаноў .. укараняюцца навейшыя дасягненні біялогіі, фізікі, хіміі і радыялогіі. «Звязда».

[Ад слова радый і грэч. logos — вучэнне.]

радыя́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць радыяльнага.

радыя́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Размешчаны па радыусе. Радыяльныя магістралі горада. Радыяльная група мышцаў. // Які характарызуецца размяшчэннем сваіх частак па радыусе. Радыяльная сіметрыя. Радыяльная структура зерня.

2. Які робіцца, адбываецца ў напрамку па радыусе. Радыяльнае змяшчэнне пластоў Зямлі.

радыяме́тр, ‑а, м.

Прылада для вымярэння радыеактыўнасці ўзораў прэпаратаў, горных народ, а таксама для вызначэння наяўнасці выпрамянення.

[Ад радыё... і грэч. metreō — мера.]

радыяме́трыя, ‑і, ж.

Сукупнасць метадаў выяўлення радыеактыўных выпрамяненняў і вымярэння праменнай энергіі.

радыя́н, ‑а, м.

Вугал, які адпавядае дузе, даўжыня якой роўна яе радыусу; выкарыстоўваецца як адзінка вымярэння вуглоў.

[Ад лац. radius — прамень.]

радыя́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да радыяна. Радыяннае вымярэнне вуглоў.

радыя́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Спец. Пункт нябеснай сферы, з якога быццам выходзяць бачныя шляхі метэораў і які ўстанаўліваецца мысленным прадаўжэннем шляхоў метэораў у адваротным напрамку да ілюзорнага перасячэння іх.

[Ад лац. radians, radiantis — які выпрамяняе.]

радыя́тар, ‑а, м.

1. Прыстасаванне для ахаладжэння вады або масла, паветра ў маторах аўтамабіляў, трактараў, самалётаў і пад. Паветрана-масляны радыятар. □ Шафёр заліў ваду ў радыятар, і машына памчала далей. Кулакоўскі.

2. Награвальны прыбор цэнтральнага ацяплення, які ўяўляе сабой сістэму труб з гарачай вадой або парай унутры. Нішто не перашкаджае цяпер думаць дома, грэючы спіну каля радыятара. Шамякін.

[Ад лац. radio — выпраменьваю.]