Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

растапы́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм.

1. Рассунуцца, расставіцца ў розныя бакі. Пальцы Міронавы растапырыліся, пусцілі Лазараву кашулю, а сам ён няўдала сагнуўся, адсунуўся і лёг на мяшок. Галавач. // Падняцца тырчма; натапырыцца. Гента на страсе растапырылася, як пер’е ў мокрай птушкі. Грамовіч.

2. Стаць або сесці, расставіўшы ногі або рукі. На памост падняўся кат, .. усе прымоўклі .. А тады моцна стаў, растапырыўшыся, бо пачалі ўзводзіць на памост Якуша. Скрыган. // перан. Распасцерціся ўшыркі, раскінуўшы вецце, галіны і пад. [Ігруша] дзіка расла, растапырыўшыся і пакрывіўшыся над шырокім жытнім полем. Чорны.

растапы́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм.

1. Няўклюдна расставіць, развесці, рассунуць у бакі (рукі, ногі і пад.). Стафанковіч.. шырока растапырыў ногі і ўзліў сабе на галаву ражку цёплай вады. Чорны. [Ілонка] падняла ўверх свае рукі і растапырыла пальцы. Хомчанка. Качаня растапырыла кволенькія крыльцы і наўскасяк зляцела ў кусты. Пальчэўскі. // Раздзьмуць, адтапырыць. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі. // перан. Раскінуць, распасцерці ў бакі (вецце, галіны і пад.). А затое елка, нібы сваха, Лапы растапырыла свае. Лойка.

растармажэ́нне, ‑я, н.

Спец. Знікненне ў кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга ўнутранага тармажэння пры дзеянні якога‑н. новага, пабочнага раздражняльніка.

растармазі́ць, ‑мажу, ‑мозіш, ‑мозіць; зак., што.

1. Перашкодзіўшы тармажэнню, паскорыць ход чаго‑н.

2. Спец. Ліквідаваць у кары вялікіх паўшар’яў галаўнога мозга стан унутранага тармажэння пры дзеянні якога‑н. новага, пабочнага раздражняльніка.

растармасі́ць, ‑машу, ‑мосіш, ‑мосіць; зак., каго-што.

Разм. Тармосячы, разбудзіць, раскатурхаць. Растармасіць соннага. // перан. Вывесці са стану вяласці, раўнадушша; расшавяліць.

растаро́пнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць растаропнага; упраўнасць. Я стаяў збоку і любаваўся дзедам: яго маладым настроем, яго дзелавітай клапатлівасцю, растаропнасцю. Якімовіч.

растаро́пны, ‑ая, ‑ае.

Спрытны, кемлівы ў справах; упраўны, рухавы. Гэта язда падабалася Тарасу: яго пасылалі, як растаропнага служаку. Колас. [Максім:] — Не ўмееш гаспадарку сваю весці, бо не растаропны, не хітры ты чалавек... Капыловіч.

растасава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад растасаваць.

растасава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.

Перамяшаць карты ў калодзе перад раздачай партнёрам па гульні; ператасаваць. // перан. Разм. Размясціць па розных месцах. [Кныш:] — Гэты Чырак прыбярэ нас да рук. І не яўкнеш, як па розных пакоях растасуе. Нядзведскі.

растасо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. растасоўваць — растасаваць.