сумо́тны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і сумны. Над вухам камарык гуў тонка Напевам сумотным адным. Колас. Колькі халодных зім змянілася вясёлай вясной і колькі раз гарачае лета саступала з дарогі панурай сумотнай восені. Васілевіч.
су́мчаты, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае сумку (у 3, 4 знач.). Сумчаты воўк. Сумчаты крот. Сумчатыя грыбы.
2. у знач. наз. су́мчатыя, ‑ых. Падклас млекакормячых, якія даношваюць дзіцянят у сумцы (у 3 знач.).
сумы́сля, прысл.
Тое, што і сумысна. [Мікіта] сумысля не спяшаўся ісці, было прыемна думаць аб будучыні. Галавач. Гэта сумысля падпальваюць балота палешукі, каб на выгаралым месцы расла налета маладая, лепшая трава. Колас.
сумы́сна, прысл.
З намерам, знарок, наўмысна. Цудоўная ноч!.. Ніяк не прыдумаць такую сумысна! Дубоўка.
сумы́сны, ‑ая, ‑ае.
Які робіцца або адбываецца з раней абдуманымі намерамі. Гэтая .. сумысная няўважлівасць [Наталлі Пятроўны] сапраўды ўжо абразіла Лемяшэвіча. Шамякін.
сумясці́ць, ‑мяшчу, ‑месціш, ‑месціць.
Зак. да сумяшчаць.
сумятлі́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць сумятлівага; сумятня. Сумятлівасць вандроўнага жыцця. □ У сумятлівасці [дзед Агей] абярнуў бляшанку з чарвямі. Крапіва.
сумятлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Схільны мітусіцца; залішне мітуслівы. Рухавы, трошкі сумятлівы, з вялікімі збянтэжанымі вачыма,.. [Антось] меў выгляд вінаватага чалавека. Дуброўскі. Чыстае, свежае ранішняе паветра разносіла .. песні жаваранкаў, шчэбет сумятлівых вераб’ёў, гагатанне гусей і гарластае ку-ка-рэ-ку верханскіх пеўняў. Колас.
2. Поўны сумятні, клопатаў, мітусні. Сумятлівы рэдакцыйны дзень пачаўся як звычайна. Сабаленка. Ноч цёмная і сумятлівая, людзі адно страляюць, крычаць ды бегаюць. Чыгрынаў. // Які сведчыць пра сумятню, перапалох. Набліжалася Масква. У вагоне той сумятлівы беспарадак, які заўжды пачынаецца ў канцы падарожжа. Савіцкі.
сумятня́, ‑і, ж.
Бязладная беганіна, мітусня, клопаты. — Толя! — пачуў ён скрозь шум і сумятню пасадкі. Брыль. І хоць выгляд у людзей заклапочаны, адчуваецца, што іх радуе гэтая святочная сумятня. Палтаран. // перан. Хаос (пра думкі, пачуцці і пад.). У Максіма адразу ёкнула сэрца. Ён здагадаўся, аб чым пойдзе гутарка. Трэба рашацца, а ў душы яго — адна сумятня. Машара. // Паніка, перапалох. Лагчынай, алешнікам .. [Ганарацкі] прабраўся да сыраварні ў Дубовым гарадку, зняў варту, вызваліў палонных і ноччу нарабіў сумятні ў паліцэйскім гарнізоне. Грамовіч. Сумятня ў горадзе нарастала. Няхай. Улучыўшы хвіліну, стралою мільгануў .. [каршун] у паветры і ў момант вока схапіў кіпцюрамі куранё ды панёс у лес. Ой, якая паднялася тут сумятня, трывога! Колас.